“Мы пачынаем працу”: каардынатары ініцыятыўных груп – пра канкурэнтаў, свае перспектывы і выбары 2015

Дзмітрый Бандарчук, ініцыятыўная група Таццяны Караткевіч:


– На кожных выбараў ёсць шмат аматараў паспрабаваць прыняць удзел, але шанец сабраць патрэбную колькасць подпісаў ёсцьтолькі ў сур’ёзных кандыдатаў. Таму перапалоху праз вялікую колькасць зарэгістраваных ініцыятыўных груп у нас няма. Да таго, што з’явілася яшчэ адна жанчына-магчымы кандыдат, адносімся спакойна. Хто будзе канкурэнтам – паглядзім праз месяц. Канкурэнтам мы бачым пакуль толькі саміх сябе – трэба зрабіць сур’ёзную працу і атрымаць патрэбную колькасць подпісаў.

 

У нас вялікая ініцыятыўная група, і мы пачынаем працу. Мая задача як абласнога кіраўніка забяспечыць усе ўмовы, каб члены ініцыятыўнай групы мелі магчымасць збіраць подпісы без першкод.

Таццяна Караткевіч


Ежы Грыгенча, ініцыятыўная група Анатоля Лябедзькі (АГП):


– Што датычыцца колькасці зарэгістраваных груп, то на мой погляд, у будучыні зарэгіструюць шмат кандыдатаў, каб стварыць ажыятаж і каб людзі не разабраліся ў перадвыбарчых кампаніях. Мне здаецца, стаць кандыдатамі змогуць Лукашэнка, Гайдукевіч, Караткевіч, Лябедзька. Мы кожнага магчымага кандыдата лічым канкурэнтам – да кожнага чалавека трэба адносіцца з павагай.

 

Як мы рыхтуемся да збору подпісаў? Праводзім семінары, дзе расказваем членам ініцыятыўнай групы, як гэта трэба рабіць. Выйдзем 23-га ліпеня і паглядзім, як да нас людзі будуць ставіцца.

 

Анатоль Лябедзька


Ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча ЦВК не зарэгістравала. Актывісты плануюць абскарджваць гэта рашэнне ў Вярхоўным судзе. Мы распыталі Аляксандра Макаева, намесніка старшыні руху салідарнасці “Разам” пра далейшую дзейнасць ініцыятыўнай групы.

 

– Мы абураныя. Ведаем, што выбараў у Беларусі няма. Але па закону ініцыятыўную групу павінны былі зарэгістраваць. Мікола Статкевіч – вязень сумлення. Па міжнародных законах ён можа быць кандыдатам, а ў такіх выпадках міжнародныя законы ў прыярытэце. Нават калі па Крымінальным кодэксе Статкевіч учыніў злачынства, ініцыятыўную групу павінны былі зарэгістраваць у любым выпадку.

 

Ці спадзяюцца актывісты на абскарджванне рашэння ЦВК ў Вярхоўным судзе?

 

– Спадзявацца трэба заўсёды. Ініцыятыўная група Міколы Статкевіча сфармавана не для выбараў, не для апазіцыі. Мы хочам паказаць людзям, што ніхто не мае права парушаць закон. А парушыўшы, кожны павінен быць пакараным, нягледзячы на пасаду і рэсурсы. Мы будзем удакладняць нашы стратэгіі. У любым выпадку, будзем падтрымліваць беларускую мову і культуру, а таксама прадпрымальніцтва, бо Лукашэнка за перыяд свайго кіравання амаль знішчыў малы бізнэс. 

 

ЦВК пераўтварылі выбары ў клоунаду. Шкада, што нашы палітыкі вядуцца. Як альтэрнатыву мы прапануем ня ўдзельнічаць у іх. Таму нас не цікавіць, хто збярэ подпісы. Пажадана, каб сярод іх не былі прарасейскія кандыдатаў, якія могуць прывесці да анэксіі Беларусі.

 

Наша краіна з вялікай  гісторыяй і працавітымі людзьмі не менш за іншыя заслугоўвае дабрабыту. Сённяшняя пагроза гэтаму – Расія. Беларусам трэба глядзець у будучыню і не ўзгадваць, як яны ездзілі ў СССР ад Брэста да Уладывастока.