Праваслаўныя святыні, у тым ліку частка рызы Хрыста, прыбылі ў Гродна

|

Святыні прыбылі са спазненнем, што не зменшыла натоўп, які з самага ранку збіраўся каля жаночага манастыра на вул. Давыда Гарадзенскага. Міліцыя нават выставіла турнікеты з боку ажыўленай праезджай часткі, каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў. Побач дэжурыў намёт “Чырвонага крыжу”: шмат вернікаў, якія прыйшлі на ўрачыстасць, дасягнулі пенсійнага ўзросту.

 

Акрамя каўчэга з часціцай рызы (адзежы) Хрыста у Гродна прывезлі дакладны спіс цудатворнай Тоўгскай іконы Маці Божай, а таксама ікону з часціцай мошчаў св. Ігнація (Бранчанінава), якія захоўваюцца ва Ўведзенскім Тоўгскім манастыры ў расейскім Яраслаўлі.

У дзень прыезду 22 ліпеня рэліквіі будуць даступныя для вернікаў да 22.00. У наступныя дні ажно да 25 ліпеня, адпаведна, з 7.00 да 22.00.

 

Фота Вольгі Мілавай