У Гараднічанцы з’явіліся чарапахі?
Карэспандэнт “Твайго стылю” імгненна прыбыў на месца, дзе бачылі чарапаху, але яе там ўжо не было.Відавочца рэптыліі, будаўнік Юрый з задавальненнем распавёў пра абставіны сустрэчы:
– Я працую тут кожны дзень, але такое бачу ўпершыню. Калі я спусціўся да рэчкі, каб рукі памыць, то пачуў, што нешта плешчацца ў вадзе. Гляджу, а там сапраўдная чарапаха плыве па цячэнню. Спалохаўся, вядома. Чарапаха тым часам плыла сабе міма, былі выразна відны яе галава і лапкі. Вушы былі чырвоныя, а панцыр ў вялікіх плямах, – распавёў будаўнік.
Ёсць верагоднасць, што ён бачыў чырвонавухую чарапаху. Яе памер складае каля 25 сантыметраў.
Што рабіла чарапаха ў цэнтры горада, невядома. Магчыма, яна ўцякла з заапарка, ці нехта выпусціў свайго гадаванца на волю, бо менавіта чырвонавухiя чарапахі разводзяцца ў Беларусі для акварыўмаў.
align=”” width=”515″ height=”386″ >
На тым месцы, дзе бачылі чарапаху, зараз плаваюць толькі качкі.
Чарапахі могуць жыць ў розных прэсных вадаёмах: балотах, сажалках, азёрах, старыцах, павольных рэках і каналах. Цалкам магчыма, што яны пасяліліся і ў рэчцы ў цэнтры горада.
Пошукі чарапахі нічым не скончыліся. Моцная плынь, што ўзнікла пасля дажджу, зрабіла пошукі праблематычнымі.
Здымкі Руслана Кулевіча