У агонь і ваду дзеля выратавання чалавека
Павел, раскажы як ты трапіў у МНС?
У дзяцінстве і да службы ў МНС, я мала пра што думаў, быў дрэнным вучнем, як у школе, так і ў тэхнікуме. За дрэнныя паводзіны быў адлічаны з навучальнай установы. У 19 гадоў перада мной паўстала пытанне выбару будучынi. Менавіта тады я прышоў у пажарную службу і ўзяўся за розум, стаў больш адказным, дысцыплінаваным. За час службы ў МНС удалося скончыць аж два універсітэта. Дысцыпліна – вучыць.
Як усё пачыналася?
Першыя пару гадоў было цяжка, бо на плячах супрацоўніка МНС вельмі вялікая адказнасць. Я ўсведамляў, што ад маіх дзеянняў залежаць жыцці`людзей. Даводзілася кожную секунду кантраляваць свае дзеянні і сітуацыю. Як кажуць, досвед прыходзіць з гадамі. З часам з’явілася ўпэўненасць у сабе і ў сваіх сілах.
Пажарны гэта прызванне ці ўсё ж такі проста праца?
align=”” width=”515″ height=”386″ >
Для мяне гэта рамантыка, гэта лепшыя гады майго жыцця. Шмат добрых успамінаў аб службе. Тут я ўпэўнены ў тых, хто побач, разумею, што значыць сапраўднае сяброўства. Каб ісці звяном у ахоплены агнём будынак, трэба быць упэўненым на 100% у сваіх паплечніках. Я ў іх упэўнены. Лічу, што ў нашай справе галоўнае – калектыў.
Цяперашнія пажарныя адрозніваюцца ад сваіх папярэднікаў?
На мой погляд пажарныя сталі “універсальнымі байцамі” – гэта мы так сябе называем паміж сабой. Сталі працаваць на больш сучасным абсталяванні. Час прыбыцця да месца надзвычайнай сітуацыі скараціўся, бо кожная секунда ў нашай справе можа каштаваць чалавечага жыцця.
Як адбываецца ваш выезд на здарэнне?
Выязджаем мы вельмі хутка. Дыспетчар часткі па гучнай сувязі кажа якое аддзяленне выяжджае і па якім адрасе. Мы максімальна хутка збіраемся. Падчас руху аўтамабіля з намі абавязкова падтрымліваюць сувязь па радыёстанцыі, паведамляюць падрабязней, што здарылася і мы ў лічаныя секунды вырашаем ў машыне хто і што будзе рабіць па прыбыцці да месца.
Самы запамінальны выпадак у тваёй працы?
Напэўна, гэта дзяжурства ў мінулую навагоднюю ноч. Паступіла паведамленне ў гадзіну ночы аб загаранні кватэры па вуліцы Падольная. Па дарозе да пажару нам паведамілі, што ў доме могуць знаходзіцца маленькія дзеці. Прыбыўшы па ўказаным адрасе, ўключыліся ў апараты і пайшлі звяном у кватэру, ахопленую полымем. Гаспадар кватэры, у алкагольным ап’яненні быў эвакуіраваны.
Зразумеўшы, што ў кватэры больш нікога няма, я пабег на вышэйшы паверх, у пад’ездзе было моцнае задымленне. Адкрыўшы ўваходныя дзверы, убачыў дзяўчыну ў слязах. Яна трымала ў руках гадавалае дзiця. Папрасіў аддаць яго мне, сказаў што ўсё будзе добра, каб не хвалявалася. Прыняў рашэнне, бегчы з маленькiм на выхад праз пад’езд. У галаве ў гэтыя секунды была думка: “Не дай бог мне дзе-небудзь спатыкнуцца”.
Выбегшы на вуліцу, накіраваўся да пажарнага аўтамабілюя, дзе кіроўца Мечыслаў адразу ж даў цёплую куртку каб ахінуць дзіця. Тады ўсе засталіся жывыя і здаровыя. Як пазней высветлілася, гэта быў першы ў краіне пажар у 2015 годзе.
Дзяўчатам падабаюцца героі-пажарныя?
Упэўнены, што так. Любая дзяўчына хоча адчуваць сябе абароненай. Хлопцы ў форме – гэта мара многіх дзяўчат.
Што трэба рабіць, каб было менш надзвычайных сітуацый?
Галоўнае, быць уважлівым і не думаць, што трагедыя можа адбыцца з кім заўгодна, але толькі не са мной. Напрыклад, многія людзі адкладаюць справы, звязныя з забеспячэннем бяспекі, на потым: печка ці комін ўжо ў расколінах, ну – праз годзік зраблю рамонт. Або пойдуць ў краму ці па справах, пакінуўшы уключанай пліту. Быў выпадак, калі дзяўчына пакінула ноўтбук уключаным, запампоўвала фільмы і сышла на вучобу. Згарэў цалкам пакой.
Мы выязджаем не толькі на пажары але і на ДТЗ. Калі бачыш іх наступствы на ўласныя вочы, то па-іншаму глядзіш на дарогу. Жаданне ездзіць непрышпіленым і парушаць правілы адпадае адразу.
Карыстаючыся выпадкам хачу павіншаваць ўсіх супрацоўнікаў МНС, што служаць зараз ці ўжо на пенсіі. Хачу пажадаць моцнага здароўя вам і вашым сем’ям. І перадаць прывітанне сваім першым камандзірам аддзялення, якія ўжо на заслужаным адпачынку: Кучуну Канстанціну, Янушкевічу Антону, Данільчыку Віктару.
Дарэчы, пажарныя не любяць калі іх называюць пажарнікамі, бо пажарнік – гэта сінонім слова пагарэлец.