“Працуй, студэнт!”: як знайсці работу на лета

Што робіць прасунуты студэнт, каб нешта знайсці? Правільна, гугліць. Ад гэтага адштурхнуліся і мы. Па запыту

 

“работа для студентов  на лето в Гродно”

 

знайшлося даволі шмат спасылак. Што яны прапануюць?

 

Кампанія (якая кампанія, не ўказана) прапануе збор ягад і грыбоў у Швецыі. Калі ў вас ёсць 240 еўра і адкрытая віза, вы можаце паспрабаваць такі варыянт. Фірма ажыццяўляе пошук месцаў, забяспечвае інвентаром і харчаваннем. Абяцаны заробак – ад 1000 еўра і вышэй.

 

Але, каб знайсці падобную працу, можна так далёка не ехаць. “Твой стыль” раіць скіравацца ў веску да бабулі, збіраць грыбы там і здаваць у гарадзенскую фірму “АВС”. Мае аднавяскоўцы з лёгкасцю зараблялі такім чынам па 100-300 тысяч рублёў у дзень.

 

“Дарослыя” зарплаты студэнтам плапануе магазін “Баторыя”. Прадаўцамі і на выкладзе тавару там ужо працуюць студэнты будаўнічага факультэту ГрДУ. А дзяўчына з Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта працуе па спецыяльнасці – мэнэджэрам-эканамістам. Працаваць даводзіцца на агульных умовах – 12-гадзінны графік два праз два дні. Магазін гатовы пайсці насустрач і пакінуць іх з восені на паўстаўкі, узгадніўшы для кожнага асабісты графік.

 

Павары-прадаўцы патрабуюцца ў кафэ “Бярозка”. Калі табе спадабаецца за 3,5 мільёны рублёў гадзінамі пераварочваць блінчыкі на патэльні, то можаш застацца на падпрацоўку і падчас вучобы. Афіцыянты патрэбны ў кафэ “Чемпи” (2 млн.), мыйшчык посуду – у клубе “Metro”(4 млн).

 

Мужчынам у самым росквіце сілаў знойдзецца любая праца: усім патрэбны зваршчыкі, механізатары і прарабы электрамантажных работ. Тонкая жаночая натура патрэбна для працы прадаўцом-кансультантам: іх шукаюць усе – ад кампаніі “Арыфлэйм” да магазіна ўпрыгожванняў “7 карат”. Калі ты вучышся на мэнэджэра, табе пашанцавала: іх таксама шукаюць паўсюль. Заробак прапаноўваюць ад 2 млн.

 

Дарэчы, калі будзеш працаваць у нейкай сферы па некалькі год, то гэта таксама улічыцца – нават з мінімальным досведам працы месца знайсці лягчэй.

 

Калі не хочаш шукаць працу сам, у наступным годзе звярніся ў БРСМ. Арганізацыя прапануе працу ў розных будатрадах з някепскім заробкам. У тым ліку – працу правадніком у Расіі. Але студэнт Аляксандр, які пабыў “гарадзенскім гастарбайтэрам”,  ехаць туды не раіць.

 

– Я вырашыў папрацаваць, бо гэты быў шанец паездзіць па розных месцах. Абавязкі былі тыповымі для працы правадніка. Але Расія – краіна з квітнеючай карупцыяй. Да таго ж, арганізацыя была дзіўная і ўмовы дрэнныя.

 

У 2013 годзе папрацаваць праваднікамі з Сашам паехала сем гарадзенскім студэнтаў. На месцы выявілася, што ўмовы дагавора было немагчыма выканаць, а тое, што абяцалі ў БРСМ, не супадае з рэальным станам рэчаў.

 

– Нас закінулі ў інтэрнат з голымі матрасамі, садралі грошай на ўзятку ўрачам дзеля медкамісіі, потым нейкаму начальніку для атрымання подпісу аб праходжанні інструктажу. У якасці навучання – лекцыя, дзе сказалі: “Галоўнае – уважліва прымайце вагон”.

 

Аляксандр паглядзеў на ўмовы і з’ехаў дамоў. Кажа, што пасля вяртання ў Гродна знайшоў працу і зарабіў столькі ж, колькі і хлопцы, што там засталіся.


Калі зусім не хочацца кудысці ўладкоўвацца, можна паспрабаваць зарабіць сваім розумам. Напрыклад, займаючыся рэрайтам. Сваім вопытам дзеліцца студэнтка Насця:

– Вырашыла паспрабаваць, бо здавалася, што ў мяне павінна атрымацца – я журналіст і праблем са словам не павінна было ўзнікнуць. Шукала аб’явы ў інтэрнэце, адсылала ў дзень па 20-30 запытаў, але часта мне не падабалася расцэнка – плацілі мізер, а гэта ўсё ж такі праца.

 

Праца заключалася ў тым, што Насця  пісала кароткія тэксты-аб’явы ці артыкулы на 1500-2500 сімвалаў. Тэкст не прыймалі, пакуль ён не быў 90-100% унікальны. Звычайна ў дзень дзяўчына працавала па дзве-тры гадзіны і пісала чатыры-шэсць тэкстаў. Але часам перарабляць іх даводзілася доўга. Насця кажа, што гадоўнае – знайсці добрага  працадаўцу:”Чым больш і якасней пішаш, тым больш плацяць. Мне хапала грошай, каб плаціць за інтэрнэт і тэлефон”.  

 

Некаторыя студэнты ўжо працуюць “па спецыяльнасці” – займаюцца рэпетытарствам.

Вопытам дзеліцца студэнт ГрДУ:

 

“Кліенты знаходзіліся праз знаёмых. Я працаваў па звычайнаму тарыфу – 5 даляраў за гадзіну. Кліенты былі задаволены”. Летам прапановаў стала менш, ды і часу, як кажа студэнт, таксама няма.

 

Яшчэ адзін шанец цікава папрацаваць ўлетку – далучыцца да каманды “Твайго стылю” і паспрабаваць сябе ў журналістыцы. Мы дапаможам знайсці прымянення тваім талентам!