Гарадзенскі марпех: “Нас мала, але мы ў цяльняшках”
Дзень ваенна-марскога флоту быў заснаваны пасля Вялікай Айчыннай вайны. Маракі-падводнікі, марскія дэсантнікі і іншыя байцы, полем бою якіх з’яўляецца мора, пацвердзяць, што іх справа патрабуе асаблівай падрыхтоўкі, адмысловага стану душы, асаблівага паклікання. Не выпадкова на працягу многіх дзесяцігоддзяў тэрміновая служба на флоце займала тры гады, у той час як у іншых родах войскаў яна была на год карацей.
У лютым 2008 года ў Гродне быў створаны саюз ваенных маракоў – грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае ў марское братэрства падводнікаў, ваенных лётчыкаў, марскіх пяхотнікаў, інжынераў, лекараў – усіх, чыя служба і жыццё было звязана з морам.
26 ліпеня па цэнтру Гродна прайшоў марш маракоў, да якога далучыліся прадстаўнікі праваслаўнай царквы. Гарадзенская епархія блаславіла ваенных маракоў іконай свяціцеля Мікалая-цудатворца, апекуна маракоў, а таксама іконай святога апостала Андрэя Першазванага.
На марш сабралося каля 400 удзельнікаў. Прыехалі дэмбеля з усёй Беларусі і розных гарадоў Расіі. Дарэчы, мясцовыя маракі лічаць, што расійскі флот зарадзіўся на гарадзенскай зямлі. У свой час Пётр І выдаў указ аб стварэнні флоту, і першыя рэкруты былі менавіта з гарадзенскіх зямель.