Выяздная рэгістрацыя, фотазоны і ворк-шопы: гарадзенскія фатографы – пра апошнія тэндэнцыі ў вясельным фота
Вікторыя Саенка:
– На сённяшні дзень у модзе фотазоны. У мінулы сезон былі папулярныя карткі на твар у выглядзе усмешак, вусоў, брывоў. У наступным сезоне прыдумаюць нешта іншае, і гэта адыйдзе ў мінулае. Я прыхільнік класікі і намагаюся не адыходзіць ад гэтага стылю.
Паўплываць на рашэнне маладзёнаў можна толькі тады, калі яны самі жадаюць прыслухацца да парадаў. Інакш – яны выслухаюць, але зробяць тое, што сказалі бацькі, бо бацькі часцей за ўсё плацяць за вясельныя расходы. Цяжка вылучыць нейкае вяселле, я запамінаю маладзёнаў па тым эмоцыям, якімі яны дзеляцца на вяселлі.
Вадзім Курч:
– Вясельная індустрыя апошнія гады перажывае бум росту. Што датычыцца вясельнай фатаграфіі, стала модна сачыць за больш вопытнымі калегамі з Расіі, Украіны, Еўропы. Арганізоўваць workshop’ы сярод фатографаў і здымаць мадэляў у якасці жаніха і нявесты з прыгожымі дэкарацыямі. Думаю, такія здымкі ўплываюць на канчатковае рашэнне маладзёнаў у выбары стылістыкі вяселля і, магчыма, фатографа. Становяцца больш актуальнымі выяздныя рэгістрацыі і невялікія вясельныя банкеты на прыродзе ў сядзібах. Агулам прасочваецца лёгкая тэндэнцыя да вытанчанасці густа. І гэта добра.
Я асабіста не ўплываю на рашэнні жаніха і нявесты. Мне даюць поўную свабоду ў стылістыцы здымкі. Пры тым я не адмаўляю, калі яны праяўляюць ініцыятыву. Калі нават мяне папросяць сфатаграфаваць нявесту на далоні, я з радасцю гэта зраблю. Абы кліент быў шчаслівы.
Большасць вяселляў ў Гродна падобныя. Былі цікавыя вяселлі для дваіх, з замежнікамі, міні-вяселлі да 20 чалавек, 10-годдзі сумеснага жыцця. Былі еўрапейскія вяселлі, дзе няма ніякага шпацыра на горадзе, і да канца банкета яны праходзяць ў рэжыме рэпартажных здымак. Усе яны па-свойму незвычайныя, але я ўпэўнены, што самае цікавае наперадзе.
Сяргей Марозаў:
– З моды выходзіць фатаграфія на шырокі вугал – пейзажныя фатаграфіі. Зараз у модзе натуральныя простыя фотаздымкі, дзе пара стаіць або ідзе.
Так як фатографа маладзёны выбіраюць заранёў і праглядаюць яго партфоліа, то яны павінны яму давяраць. Калі фатограф раіць чагосьці не рабіць, бо разумее, што гэта не будзе глядзецца, пара прыслухоўваецца. Рэдка хто калі настойвае на сваім.
Самым цікавым можна назваць мота-вяселле. А таксама адну здымку зімой 2011 года, калі падвяло надвор’е – была мяцель, вецер, снег, і двухгадзінны шпацыр было цяжка вытрымаць. Але фота атрымаліся добрыя. Адна з гэтай серыі нават была на выставе, а таксама вісела ў ЗАГСе, які месціцца на БЛК.
Яўген Бузук:
– Стала модна азірацца на амерыканцаў і выкарыстоўваць стыль Fine Art. У амерыканскай фатаграфіі гэта здымка на плёнку ці імітацыя плёнкі за кошт натуральнага асвячэння і стылістыкі. І паменш відавочнага пазіравання. У нас гэты стыль пераплятаецца з нашым менталітэтам. Увогуле, вяселле – гэта рэпартаж і крышку пастаноўкі. Але ў нас засілле пазіравання і дэкора атакавала вяселлі. Мы, фатографы, спрабуем гэта выправіць.
Тое, наколькі фатограф уплывае на рашэнні пары, залежыць ад іх. Часам дарослыя людзі давяраюць фатографу, і ён пачынае травіць лухту. А часам маладыя людзі вырашаюць “адарвацца” – і атрымліваецца “адрыў” на мяжы безгустоўшчыны. Каб такога не было, маладзёнам трэба да вяселля сустрэцца з фатографам і зразумець, ці пасуе ён ім.
Я здымаў розныя вяселлі: вяселле ў тралейбусе, вяселле, калі нявеста была ў джынсавай сукенцы, вяселле на паветраным шары, у сярэднявечным замку ў Аўстрыі, на Кубе. А ўвогуле, няважна, наколькі неардынарным было вяселле. Самае прыемнае – сустракаць пару праз некалькі год з дзецьмі.
Аляксей Бібікаў:
align=”” width=”400″ height=”462″ >
– Стала модна стылізацыя вяселля пад нейкі асобны стыль. Сяброўкі нявесты часта апранаюцца ў аднолькавыя колеры. Застаецца папулярнай выяздная рэгістрацыя – гэта больш дорага, але стыльна. І вялікі плюс для фатографа – уся праца на адным месцы. Вялікія картэджы машын таксама выходзяць з моды. Часцей людзі здымаюць кватэры ці гатэлі, дзе ідуць зборы нявесты і жаніха. Такія тэндэнцыі ідуць з Польшчы, Літвы, Расіі.
Але гэта модна зараз, а заўтра – ўжо не. А класічная фатаграфія будзе папулярна заўсёды – трэба фатаграфаваць эмоцыі і застылізаваць. Цікавай з’явай сталі work shop’ы – калі фатографы імітуюць вяселле і здымаюць мадэляў у якасці маладзёнаў. Зараз стала больш маладых фатографаў, якія наведваюць майстар-класы, каб выйсці на пэўны ўзровень. Раней фатографы мераліся аб’ектывамі ды фотатэхнікай, а зараз галоўнае – зрабіць карцінку.
Пары даводзіцца прыслухоўвацца да фатографа. Часам людзі вельмі зажатыя. Мая задача – дапамагчы ім разняволіцца і адчуць адзін аднаго.
Самае цікавае вяселле я здымаў у Шатландыі. Жаніх быў у нацыянальным адзенні – кельце. На застоллі было шмат круглых сталоў, выступаў джаз-бэнд. Госці прыехалі з розных краін і нават кантынентаў. Галоўнае, дзеля чаго яны прыехалі, – гэта зносіны і размовы. У нас вяселлі праходзяць па-іншаму, і было прыемна адчуць розніцу. Мясцовы фатограф здымаў у шатландскім стылі – пампезна-пастановачным, са студыйным святлом. А я лавіў эмоцыі.
Яшчэ адно цікавае вяселле было ў Варшаве. Сабралася чалавек 18, шпацыр заняў паўтары гадзіны, за гэты час мы хадзілі, заходзілі ў кафэ – у нас не было рэгламента. Усё прайшло лёгка.
Міхаіл Хамяк:
– Папулярна сёння выяздная рэгістрацыя: калі ў адным месцы збіраюцца жаніх, нявеста, госці, праводзіцца фотасэсія і банкет. Папулярны вяселлі ў адной стылістыцы ці колеравай гаме: тады гасцям нават пішуць у запрашэннях, у адзенні якога колера пажадана прыйсці. Часам хлопцы прыходзяць з бабачкамі, дзяўчаты – у сукенках аднаго колеру. Аднойчы маладзёны замовілі шмат парасонаў для вясельнай фотасэсіі, часам замаўляюць таблічкі “Just Married”.
Калі пара ўпершыню працуе з фатографам, іх трэба напраўляць. Але ўсё ж такі фатограф павінен быць рэпартажнікам, а не мадэратарам вяселля. Яго ўплыву павінна быць у меру. Не трэба разбураць магічны стан маладзёнаў. Няхай лепш фота будзе недасканалае, але эмацыйнае. Можна папярэдне зняць love-story – там “руліць” фатограф. А калі ўжо вяселле – самы шчаслівы дзень – стэпень умяшальніцтва трэба рэгуляваць.
Самае цікавае вяселле, якое я здымаў, – футбольнае. Жаніўся брамнік Сяргей Чэрнік. Яны настолькі пранікліся, што ў нявесты нават падвязкі былі з футбольнай эмблемай. Здымалі вяселле на полі, было шмат мячоў, праўда, быў дождж. Потым гэтыя фота перамагалі на конкурсах.
Некаторыя жэняцца ў шортах, кедах і кашулях. Асабліва калі вяселле праходзіць, напрыклад, у Таіландзе, пара апранае кароценькую сукенку і шорты.