Мiр ва ўсім свеце і праўдзівых сіноптыкаў: Пра што мараць гарадзенцы?
Таццяна:
align=”” width=”515″ height=”386″ >
– Сёння я выйшла ў горад, а сіноптыкі абяцалі добрае надвор’е. На жаль, я ў чарговы раз упэўнілася, што нашым прагназістам верыць нельга.
Так што ў будучым мне хацелася б слухаць правільныя прагнозы. Я шмат падарожнічала, але ніколі не была ў Італіі. Вельмі хачу там пабываць, асабліва ў Рыме і Венецыі.
Валеры:
– У мяне жаданні такія ж, як і ва ўсіх: добрая праца, здароўя сям’і і сябрам, асабліва маме. Будзе добрая праца, будуць і магчымасці. Працую праграмістам і лічу, што трэба развівацца ў абраным кірунку.
Арцём:
– Самае актуальнае на сённяшні дзень – гэта мiр ва ўсім свеце і грошай пабольш. А з’ездзіць куды-небудзь – гэта не так глабальна. Галоўнае – падняць сваю пятую кропку з канапы і імкнуцца, імкнуцца і яшчэ раз імкнуцца.
Уладзімір:
– Маё жаданне, на жаль, не здзяйсняльнае. У мяне са спіной праблемы – дрэнна хаджу з нараджэння. А так хацеў бы ў Парыж з’ездзіць – гэта мара дзяцінства.
Іван:
– Жаданні тым каштоўныя, што яны падштурхоўваюць нас рухацца далей i мяняць сябе, краіну, свет. Я ў гэтым годзе ажыццявіў мару – паўдзельнічаў у прабегу Сяброўства (прабеге Міру). Гэты марафон не толькі папулярызуе спорт і здаровы лад жыцця, але мае і міратворчую мэту – аб’яднанне ўсіх нацыянальнасцяў.
Ліза:
– Я вельмі хачу ў лютым паехаць у Рыа-дэ-Жанэйра на карнавал. Я танцую, таму мне гэта цікава. Вельмі хацелася б павандраваць па свеце. А таксама паступіць ва ўніверсітэт і знайсці сваё пакліканне. А яшчэ хачу знайсці сабе добрага хлопца.
Мілена:
– Мне хочацца экстрыму: скокнуць з парашутам, палятаць на паветраным шары, здзейсніць кругасветнае падарожжа. А таксама хачу пабываць на Мёртвым моры, і, што галоўнае, у будучыні стаць фларыстам.
Гарадзенскiя бабулі:
– Мы старыя, пра што нам марыць і жадаць. Напэўна, галоўнае – здароўе. Хацелася б і свет паглядзець, а дзе грошы ўзяць? Пенсія ж маленькая. Хацелася б, каб быў мір ва ўсё свеце і каб спутнiкаў паменш запускалі, а то ўсё неба прадзіравілі.
Станіслаў:
– Жаданняў шмат, але галоўнае, каб усе былі здаровыя і атрымлівалі асалоду ад маёй музыкi…
Існуе вельмі шмат рытуалаў для загадвання жаданняў. Можна дачакацца падаючай зоркi. Можна адпусціць паветраны шарык і паглядзець, як хутка ён паляціць (чым хутчэй – тым хутчэй споўніцца жаданне). Можна кінуць манетку ў фантан. Можна загасіць свечкі на торце, праўда, трэба спачатку дачакацца свята і загасіць адразу ўсе свечкі. А сёння можна самім прыдумляць новыя рытуалы і загадваць жаданнi. І яны абавязкова здзейсняцца, будзьце ўпэўненыя!