Каб жывёлам было цёпла: гарадзенцы падпісваюць петыцыю да старшыні гарвыканкама

Ініцыятары акцыі спадзяюцца, што да пачатку зімы ў будынак правядуць ацяпленне, што дазволіць выратаваць многіх жывёл ад хвароб і пераахаладжэння.

 

Карэспандэнт “Твайго стылю” звязаўся з ініцыятаркай петыцыі – валанцёркай Крысцінай:


– Нам вельмі хацелася б у будучыні ўвасобіць у рэальнасць ідэю аб сапраўдным прытулку. Пакуль што мы хочам правесці ацяпленне, каб жывёлы не хварэлі і каб не распаўсюджваліся інфекцыі.


Справа таксама ў гуманнасці ў адносінах да жывёл, бо яны і так нацярпеліся на вуліцы і ў час адлову. Вядома, лепш будзе таксама работнікам і валанцёрам, якія дагладаюць за прытулкам.


Зімой у ім тэмпература апускаецца да -15°С. Я спадзяюся, што каля 500 подпісаў хопіць для разгляду і мы ўжо амаль сабралі іх. Далей плануем пагаварыць з Мечыславам Браніслававічам (Гоем – рэд.) і спадзяемся на яго разуменне.

 

Пункт утрымання бяздомных жывёл знаходзіцца ў будынку былой канюшні, зараз тут утрымліваюцца сабакі і каты.

 

Памяшканне не ацяпляецца, у ім няма гарачай вады.

 

Зімой тут асабліва цяжка яшчэ і таму, што валанцёрам трэба насіць ваду ў вёдрах і мыць міскі ў ледзяной вадзе. Каб забяспечыць кармленне і выгул усім жывёлам, сыходзіць ад 6 да 8 гадзін.

 

Падпісаць петыцыю можна ТУТ. У хуткім часе яе адправяць старшыні гарвыканкама Мечыславу Гою і дырэктару САХа Уладзіміру Чабоцьку.

 

Дзякуючы валанцёрам і сацыяльным сеткам, за апошні час з пункта часовага ўтрымання жывёл забраныя 286 сабак і 87 катоў.