Кубак Беларусі: “Нёман” згуляе матч у адказ з “Рэчыцай 2014”

|

Матч у Гродна вырашыць, хто пройдзе далей у Кубку Беларусі. Вельмі верагодна, што Сяргей Саладоўнікаў выставіць самы моцны свой склад, каб перамагчы аўтсайдэра Першай лігі.
 

Каманда з Рэчыцы ў першым матчы паказала, што “прагінацца” перад клубам з Вышэйшай лігi не збіраецца.

 

Да сустрэчы “Нёман” падыходзіць у абноўленым складзе, паспеўшы ўзмацніцца двума моцнымі гульцамі: прыйшоў нападаючы Арцём Канцавы і паўабаронца Яўген Савасцьянаў.

Яшчэ аднаго знакамітага футбаліста Рамана Васілюка набыць “жоўта-зялёным” не ўдалося. Па чутках, бамбардыр брэсцкай каманды ў апошні момант адмовіўся пераязджаць у Гродна.

Перад кубкавым матчам мы пагаварылі са спартовым аглядальнікам “Прессбола” – Уладзімірам Кульбіцкім, які падзяліўся сваім меркаваннем наконт трансфертнай палітыкі клуба:

 

“У цэлым, да ўзроўню большасці тых гульцоў, якiя прыйшлi, безумоўна, няма ніякіх прэтэнзій. Правераныя хлопцы. Але вось гэтыя бясконцыя кіданні трэнерскага штаба і кіраўніцтва клуба ад амаладжэння да спробы зачапіцца за вынік, сур’ёзна засмучаюць. Пакуль няма мэты і ўсведамлення, як яе дасягнуць, нічога добрага чакаць не варта.


Я прыняў пазіцыю клуба ў пачатку сезона такой, як яна ёсць. Мне яна імпануе. Калі няма сродкаў на вынік – трэба развіваць сваю моладзь. Тым больш, усе мы бачылі, што ёсць з кім працаваць.


Скандаванне трыбунамі “Малайцы!” пасля прайгранага матчу – дарагога варта. І “Нёман” выцягваць з дна павінны Забелін, Ляшко, Журневiч і іншыя маладыя хлопцы. А плячо ім ёсць каму падставіць”.


Матч “Нёман” – “Рэчыца 2014” адбудзецца 1 жніўня, пачатак сустрэчы ў 18:00.