Хто патрапіць у плэй-оф? Гарадзенскія “Варвары” правядуць вырашальную гульню
Перад сур’ёзнай гульнёй карэспандэнт “Твайго стылю” паразмаўляў з галоўным трэнерам “Варвараў” Аляксеем Серабраковым, які распавёў, што каманда вельмі сур’ёзна рыхтуецца да гульні.
– Лета гэта вельмі складаны перыяд для непрафесійнага спорту – студэнты раз’язджаюцца па дамах, працоўныя ў адпачынкі, таму наладзіць трэніровачны працэс у гэты час складаней чым звычайна.
Радуе, што гульня хатняя, а гэта дазволіць падысці да яе практычна аптымальным складам, хай і не ў лепшай яго форме. На жаль, мы страцілі да канца сезона свайго стартавага кватэрбэка (які быў з намі з самага заснавання каманды) Іллю Гардона, на яго месцы будуць стартаваць Алег Лазарчык, які гуляў да гэтага на пазіцыі прымаючага і Ігар Фінскі, знаёмы многім па выступах за ХК “Віцебск” і ХК “Нёман”.
Таксама за час перапынку мы ўзмацнілі вынасную гульню за кошт гульца з мінскіх “Зуброў”, якi перайшоў да нас нядаўна. Усе гэтыя фактары, вядома, паўплываюць на гульню, а вось як яны менавіта паўплываюць – даведаемся 8 жніўня.
Як прайшла гульня ў Эстоніі?
– У сярэдзіне чэрвеня “Варвары” правялі сваю трэцюю гульню супраць каманды “Тытаны” з Тарту (Эстонія). Гульня адбылася ў іншым эстонскім горадзе – Карксi-Нуйя. Як і чакалася, значна больш дасведчаныя эстонцы атрымалі ўпэўненую перамогу 53-0.
“Варвараў” на выезд адправілася толькі 18 чалавек, а для больш-менш камфортнай гульні неабходна дзесьцi 30. Заяўка на гульню наогул складае 45 чалавек.
Так выйшла, што ў складзе гарадзенскай каманды на гульню не змагла паехаць вялікая частка нападаючых каманды, ад гэтага і 0 у графе “набраныя ачкі”. Першую палову абарона яшчэ неяк спраўлялася і практычна не сыходзячы з поля ўтрымлівала лік у межах двух уладанняў мячом (13-0, перапынак). У другой палове страцілі яшчэ дваіх, а ў астатніх заканчваліся сілы, як вынік – разгром.
“Тытаны” значна больш дасведчаная каманда, яны праводзяць свой шосты сезон, а для “Варвараў” гэта першы. Акрамя гэтага, эстонскую каманду трэніруе амерыканскі трэнер, а гэта велізарны плюс для любой еўрапейскай каманды.
Калі б гэтая гульня праходзіла ў Гродне, вынік значна б адрозніваўся. На жаль, для аматарскага спорту, перавага хатняга поля часта мае вырашальную ролю.
Што дасць гарадзенцам перамога ў суботнім матчы?
– У выпадку перамогі над “Львамі” з Рыгі, “Варвары”, напэўна, выйдуць у плэй-оф на “Тытанаў” і ў іх будзе выдатная магчымасць узяць рэванш. Таму прыходзьце і падтрымлівайце нас.
Матч паміж гарадзенскімі “Варварамi” і рыжскімі “Львамі” адбудзецца 8 жніўня на штучным поле ЦСК “Нёман”. Пачатак гульні ў 13.00.
Чытайце таксама: