Гарадзенцы вучыліся таньчыць у стылі этна

|

Уздоўж вуліцы Савецкай часта можна пабачыць артыстаў і пачуць знаёмую ці незвычайную музыку. Аднак, такой імпрэзы гэта вуліца яшчэ, напэўна, не бачыла. Пад вечар 6 жніўня, акурат як спала дзённая спёка, насупраць моладзевага цэнтра “Гродна” сабраліся аматары пабытовых беларускіх танцаў.

 

 

Рассыпаліся па наваколіцы гукі гармоніка, мінакі азіраліся і ўсміхаліся, нехта прыпыняўся паглядзець і паслухаць.

 

Колькі першых танцаў Антось з Настаю, каторым і прышла да галавы ідэя зладзіць такую танц-сустрэчу, скакалі удвох, але пасля зацікаўленых і ахвотных да ўдзелу знайшлося больш.

 

Як аказалася, галоўнае – пераадольць першы страх, а далей – ногі самі у скокі ідуць – навука пабытовых танцаў не аказалася дужа цяжкаю. Мелодыя захоплівае і падказвае, а калі нават і не так, то імправізацыя – таксама добрае выйсце са складанага становішча.

 

 

Такія сустрэчы, на думку ўдзельнікаў, гэта добрая магчымасць не толькі адпачыць у скоках пад гармонік але і атрымаць шмат станоўчых эмоцый.   

 

Напрыканцы сустрэчы адмяркоўвалі магчымасць зрабіць сустрэчы рэгулярнымі. А чаму не, калі ёсць жаданне? Летні вечар – дастатковая нагода  для вясёлых танцаў і добрага настрою.

 

 

 

Здымкі і відэа Ірыны Новік