Пытанні выхавання сапраўдных хлопцаў і дзяўчат абмеркавалі на ток-шоў ад кампаніі “Будзьма беларусамі”
Напачатку размова зайшла пра погляд на выхаванне хлопцаў і дзяўчат у мінулым. Даследчыца шляхецкай сям’і XVI-XVIII ст. Наталля Сліж распавяла пра патрыярхальнае грамадства часоў ВКЛ і прыярытэты ў выхаванні таго часу:
– Галоўны прынцып педагогікі часоў ВКЛ зыходзіў ад саслоўнай прыналежнасці, – тлумачыць Наталля, – сялянскіх хлопцаў не вучылі займацца палітыкай, а хлопцаў са шляхты – вучылі. Дзяўчаты з заможных сем’яў рыхтаваліся займацца культурай, рэлігіяй або эканомікай. Дзяржаўныя і вайсковыя справы былі вотчынай мужчын.
Ірына Саламаціна выказалася пра асаблівасці сям’і ў мінулым без сантыментаў і з чыста эканамічных пазіцыяў:
– Шмат дзяцей было наўпрост выгодна мець, напрыклад, у сялянскай сям’і сто год таму, бо нехта меўся працаваць на зямлі, пры тым, што існавала рызыка смерці кагосці з дзяцей… Вось і ўвесь сакрэт вялікіх традыцыйных сем’яў.
Са словаў даследчыцы, дыскусіі пра жаночыя і мужчынскія ролі, якія адчуваюцца і ў педагогіцы, даволі новая з’ява. Прынамсі, у дакапіталістычны перыяд ВКЛ, пра які распавядала Наталля, нічога падобнага не было, таму і праблемы роляў і выхавання хлопчыкаў ды дзяўчат не стаяла.
Свой погляд на пытанне, вяртаючыся да сучаснай практыкі, выказалі і прадстаўнікі скаўцкай арганізаыі. Паводле звязовых Паўла і Ганны, менавіта скаўцкае выхаванне, якое прадугледжвае асобныя заняткі для хлопцаў і дзяўчат, дае мажлівасць для паўнавартаснага развіцця асобы, фармавання характару і прынцыпаў з малых год:
– У лесе, сярод сяброў, падлетак вучыцца прымаць самастойныя рашэнні і разам з тым пераймае вопыт старэйшых таварышаў. Мы не выступаем супраць школаў, дзе разам вучацца хлопцы і дзяўчаты, крый Божа! Але маюць быць месцы, дзе хлопцы могуць пабыць сярод хлопцаў, а дзяўчаты – сярод дзяўчат. Такую мажлівасць даюць нашы выезды і летнікі.
Даволі арыгінальна да пытання падыйшоў фатограф Аляксандр Ждановіч, “прыхільнік гуманнага выхавання”, згодна абвестцы да мерапрыемства:
– Я лічу, што ў сям’і падчас выхавання дзяцей мы маем браць прыклад з Усходу. А там прынята, што жанчына бярэ негатыўныя эмоцыі ў дзяцей, мужчына бярэ ў жанчыны, а ў мужчыны забірае грамадства, соцыюм. А ў нас, зазвычай, наадварот: мужчына прыносіць негатыў у сям’ю звонку, перадае жонцы, а – жонка – дзецям… Гэта вельмі няслушна. Сям’я – гэта святое, там мужчына мае быць лагодны як кот, а ўсе эмоцыі і негатыў – выкідваць вонкі.
Сваіх дзяцей Аляксандр не аддаваў у дзіцячы садок, бо не мае даверу да дзяржаўных адукацыйных структураў, а праца фрылансера дазваляе яму з жонкай знаходзіць на ўсё грошы і час. Калі б замест сыноў былі дачушкі, са словаў Ждановіча, ніколі б не аддаў іх у дзяражаўную школу, якая толькі калечыць дзяцей.
Напрыканцы мадэратар дыскусіі Хрысціна Марчук папрасіла ўсіх выказацца, рэзюмаваўшы свае думкі. Па выніках апынулася, што пытанняў у справе выхавання ўсё ж такі больш, чым адказаў, а тэма дастаткова актуальная і спрэчная, каб падымаць яе далей на падобных сустрэчах.
Фота Вольгі Мілавай