Мабільныя дадаткі, якімі часцей за ўсё карыстаюцца гарадзенцы

Кожны трэці жыхар Гарадзеншчыны мае тэлефон з выхадам у інтэрнэт. У сувязі з гэтым, “Твой стыль” вырашыў даведацца ў гараджан, якімі мабільнымі дадаткамі часцей за ўсё яны карыстаюцца.

Міхаіл (кансультант)

– З дадаткаў на тэлефоне стаіць NAVITEL, бо мая праца звязана з раз’ездамі. Вельмі карысныя праграмы для мяне viber і skype, яны зручныя для зносін як у межах краіны, так і за мяжой. Для адпачынку ўсталяваў сабе “Покерстарс“. 

Канстанцін (настаўнік)

– Устаноўлены дадаткi для сацыяльных сетак, такія як instagram, twitter, вконтакте. Viber і skype для хуткіх паведамленняў ці званкоў, напрыклад, за мяжу. Натуральна, google chrome, для серфінгу ў інтэрнэце. Coоll reader для чытання кніг. Плюс яшчэ дадаткi для інтэрнэт-банкінгу, каб не даводзілася стаяць у чэргах у банку. Shazam калі трэба вызначыць песню, якая спадабалася, а назвы не ведаю. Google map для навігацыі ў незнаёмым месцы. Плюс такія дадаткi як калькулятар і каляндар, таксама часам патрэбныя. Яшчэ дадатак livescore – вельмі зручна глядзець лiк у футбольных (і не толькі) матчах.

Антон (прадпрымальнік)

– Карыстаюся у асноўным дадаткам вконтакте, вельмі зручна. Таксама viber, google chrome, ну і вядома дадаткам – курсы валют, апошні час вельмі актуальна.

Дзмітрый (абласны каардынатар перадвыбарнай кампаніі Караткевіч Таццяны)

– Вядома, тэлефон сёння не проста для званкоў. І акрамя разнастайных спосабаў сувязі (viberskype і іншыя) і сацыяльных сетак, я часта выкарыстоўваю магчымасць выдалена назіраць за дзіцём праз вебкамеру. Карыстаюся рознымi картамi-навігатарамi, якія заўсёды пад рукой.  Карыстаюся дадаткам футбольнага клуба “Нёман” і дадаткам, з дапамогай якога магу даведацца пра бягучую сітуацыю на мяжы і чэргах з абодвух бакоў. RunKeeper дапамагае мне вылічыць дыстанцыю прабежкі. Маю нават такi дадатак, з дапамогай якога можна пераключаць праграмы, калі дома зноў згубілі пульт ад тэлевізара.  

Павел (сантэхнік)

– I так пра ўсё па парадку: viber – зручны і хуткі абмен паведамленнямі. Вконтакте – сацыяльная сетка, у якой зарэгістраваны. Youtube – глядзець відэаролікі па падпісцы. Кинопоиск– сачыць за прэм’ерамі і адсочваць, на што варта схадзіць у кіно. MyScore – з дапамогай яго хутка і зручна магу даведацца практычна аб любых спаборніцтвах (пра лiк і вынікі). Pikabu – інтэрнэт-суполка у якой ёсць цікавы матэрыял.

 

Сяргей (піяршчык, грамадскі дзеяч)

– Выкарыстоўваю QR Code Reader, таму што люблю даведвацца новае пра тыя славутасцi, якія наведваю. Дадатак для сацыяльнай сеткі вконтакте, каб заўсёды быць на сувязі. Ну а таксама выкарыстоўваю дадатак ліхтарык.

 

Юрый (футбаліст)

– З усіх дадаткаў у маім тэлефоне (а іх каля 50) больш за ўсё я выкарыстоўваю google chrome,  instagramviber, Expedia, Airbnb. Google chrome я абраў у сувязі з яго прастатой. Viber – бясплатныя званкі і паведамленні, можна сказаць па ўсёй планеце. У instagram я дзялюся сваімі ўражаннямі, альбо выкладваю здымкі, у месцах, дзе я пабываў. А Expedia і Airbnb – карысныя дадаткi для падарожжаў.