Мадэлі з бадзялымі жывёламі зладзяць флэшмоб у цэнтры Гродна
Мэта акцыі, якую ладзяць дызайнерка Алена Паспелава і арганізацыя “Адданае сэрца”, паказаць, што ўсе жывёлы аднолькава прыгожыя і няма розніцы паміж набытым і ўзятым у прытулку сабакам. У канцы мерапрыемства ўсе ўдзельнiкi ўстануць унутры гіганцкага 7-мятровага “смайліка”, зробленага з напісаных звычайнымі людзьмі прычын, чаму жывёлы прыносяць шчасце людзям.
“Твой стыль” звязаўся з арганізатарам мерапрыемства Аленай Паспелавай, якая расказала, што дадзеная акцыя не піяр, а адзін са спосабаў дапамогі бяздомным жывёлам:
– Я не першы раз арганізую акцыі рознага роду. Я чалавек творчы, таму звычайна гэтыя акцыі звязаныя з маёй дзейнасцю, я імкнуся рабіць іх незвычайнымі, каб гэта было цікава не толькі мне, але і іншым людзям.
Ідэя гэтай акцыі нарадзілася даволі проста. Я з дзяцінства адчуваю велізарную любоў да жывёл, у маім доме заўсёды жылі і каты, і сабакі, большасць з якіх былі падабраныя на вуліцы. І мяне турбуюць праблемы бадзялых жывёл, трэба ім дапамагаць, а не толькі адчуваць жаль. Вось я і вырашыла прыцягнуць увагу да гэтай праблемы сваёй творчасцю. А менавіта – зладзіць фэшн-паказ з сабакамі.
Большасць дабрачынных акцый банальныя і проста не цікавыя людзям, і праблема заўсёды застаецца незаўважанай. Я спадзяюся, што акцыя падобнага роду прыцягне больш увагі грамадскасці. Я хачу паказаць, што прыгожай і моднай можа быць не толькі сабака, набытая за шалёныя грошы з неверагодным радаводам, але і сабака з прытулку. Бо ўсё залежыць ад любві і адносін гаспадара. А ўсе ўмоўнасці і модныя павевы мы прыдумалі сабе самі. Я мару, што на самой акцыі хтосьці з гледачоў разглядзіць ў нашых чацвераногіх мадэлях новага сябра і забярэ яго дадому.