Паэт Міхась Скобла: “Кожны з нас – трошачкі Ларыса Геніюш”

Пасля богаслужэння на беларускай мове і памінальнай службы на падворку зэльвенскай царквы, прыхаджанкай якой была Ларыса Геніюш, адбыліся геніюшаўскія чытанні. 

align=”” alt=”Ларыса Геніюш, дзень нараджэння Геніюш, беларускія пісьменнікі, беларуская літаратура, Лариса Гениюш, день рождения Гениюш, белорусские писатели, белорусская литература” width=”515″ height=”344″ > 

Арганізатар і вядоўца імпрэзы, паэт і літаратуразнаўца Міхась Скобла прэзентаваў кнігу “Духу магутныя чары…: Ларыса Геніюш ва ўспамінах, лістах, архіўных матэрыялах”. Кніга выйшла ў мінскім выдавецтве “Лімарыус” у папулярнай серыі “Беларуская мемуарная бібліятэка”. Міхась Скобла назваў яе “кнігай людской удзячнасці” ад тых, каму пашчасціла асабіста ведаць Ларысу Геніюш.

 

Вядоўца распавёў, што на дзень народзінаў Ларысы Геніюш, 9 жніўня, традыцыйна збіралася шмат людзей, да 40 чалавек, і прапанаваў уявіць, як такі дзень народзінаў праходзіў: “Вось Ніна Мацяш, прыехаўшы з Белаазёрска, спявае для Ларысы Геніюш сваю славутую песню “Калыханка маме”. Вось устае з Баранавічаў Пятро Рашэтнік, запявае сваім магутным барытонам “Пад звон чары поўнай станьма браты…”. Гэта быў іх гімн“. 

 

Сярод гасцей нярэдка бывала і гарадзенская паэтка, блізкая сяброўка Ларысы Геніюш Данута Бічэль. На сёлетняй імпрэзе ў Зэльве яна ўзгадала, што  са свайго першага ж наведвання “запаветнай зэльвенскай хаты” прырасла да яе гаспадыні, пакінула там сваю душу. Данута Бічэль прызналася, што моліцца за Ларысу Геніюш і да яе: “Гэта мая святая, гэта мая духоўная маці, да якой малюся і заклікаю вас усіх. Душа яе магутная, і яна ўсім нам можа дапамагчы“. 

 

Міхась Скобла нагадаў, што Ларыса Геніюш мела шчыльныя стасункі з Украінай, лёс неаднойчы зводзіў яе з украінцамі, якія станавіліся яе сябрамі. Сёлета на імпрэзу прыехала паэтка Іна Снарская, якая нарадзілася ў Полацку, але ўжо дваццаць пяць гадоў жыве ва Украіне. Пісьменніца прачытала верш Ларысы Геніюш “Калі цябе, мілы, Краіна пакліча…” у сваім перакладзе на ўкраінскую мову. Іна Снарская адзначыла: “Для мяне Ларыса Геніюш – гэта дарога – да Бацькаўшчыны, ад сэрца да сэрца“. 

 

Вядоўца імпрэзы прапанаваў прысутным успомніць назвы кніг Ларысы Геніюш. Сумеснымі намаганнямі пералічылі ўсе кнігі пісьменніцы. А найбольшую колькасць удалося назваць дзвюм жыхаркам Зэльвы. Цікава, што дзяцей адной з іх хрысціла сама Ларыса Геніюш. Пераможцы атрымалі падарункі ад арганізатараў.

Паміж аповедамі выступоўцаў гучалі песні на словы Ларысы Геніюш. Вядомыя спявачкі Вальжына Цярэшчанка і Таццяна Матафонава ўразілі слухачоў сваімі кранальнымі спевамі. А яшчэ яны ўпершыню заспявалі дуэтам, які ўзнік у іх па дарозе з Менску ў Зэльву. 

 

Слонімскі краязнаўца Сяргей Чыгрын расказаў пра тое, як на пачатку 90-х гг. рыхтавалася да друку факсімільнае выданне першай кнігі Ларысы Геніюш “Ад родных ніў”.  Кніга выйшла трохтысячным накладам у слонімскай друкарні пры фінансавай падтрымцы Валянціна Дубатоўкі. 

 

Важнымі для Ларысы Геніюш былі паездкі ў Жыровічы. Зараз жа амаль штогод у Зэльву з жыровіцкага манастыра прыязджае айцец Іаан, больш вядомы пад псеўданімам Зніч. Яго выступам завершыліся літаратурныя чытанні каля зэльвенскай царквы. 

Пасля імпрэзы госці наведалі магілу Ларысы і Янкі Геніюшаў, дзе памаліліся аб супакаенні іх душаў. “Хрыстос уваскрос!” – неаднойчы прамаўляў на могілках айцец Іаан. 

Завяршылася сустрэча на беразе зэльвенскага вадасховішча сяброўскай бяседай.