Гістарычныя аўторкі ў “Краме Ц”: Рэлігійнае аблічча Гродна
Раней Віктар Кірэеў працаваў у гарадзенскім Музеі гісторыі рэлігіі, выдатна разбіраецца ў абвешчанай тэме і, здаецца, бясконца мог адказваць на пытанні слухачоў ужо пасля лагічнага завяршэння лекцыі.
Расповяд пачаўся з паганскіх часоў, калі на гэтых землях жылі балты, і разам з хрысціянізацыяй прыйшла славянізацыя.
– Пасля хрышчэння Русі князем Уладзімірам хтосьці прыняў новую веру ахвотна, хтосьці хацеў застацца пры сваіх звычаях і бег на Прынямонне. Да 11 стагоддзя сюды дайшла хрысціянізацыя і спынілася надоўга, на правым беразе Нёмана засталося паганства, на левым – праваслаўе, – распавёў эксперт.
Праз такое суседства насельніцтва Гродна было змешаным, што пакідала свой адбітак. Здаецца, нават некаторыя крыжы на Каложскай царкве нагадваюць паганскае сонца, і асобныя даследчыкі лічаць, што калісьці на гэтым месцы было паганскае капішча. Такія адметнасці былі падставай для частых паходаў крыжакоў. Падчас аднаго з такіх нападаў да вершнікаў з еўрапейскіх краін выйшлі жыхары горада з абразамі і крыжамі, большая частка войска ўразілася гэтым і развярнулася назад.
Краязнаўца распавёў таксама і пра старыя цэрквы Гродна.
Найстарэйшая – Барысаглебская царква – адна з двюх цэркваў 12 стагоддзя, што захаваліся на цяперашні момант у Беларусі (другая – Спаса-Ефрасіньеўская царква ў Полацку). Даследчыкі адносяць яе да адметнай гарадзенскай архітэктурнай школы і візантыйскага стылю, для якога характэрныя высокія вузкія вокны і плінфа – вузкая цэгла. Названая ў гонар першых праваслаўных святых – князёў Барыса і Глеба, царква мае і другую назву – Каложская, спрэчкі вакол паходжання якой ідуць дагэтуль. Паводле адной з іх, напрыканцы вайны з крыжакамі Вітаўт палічыў, што ў горадзе мала людзей, і перасяліў сюды калажан з-пад Пскова (нібы адсюль пайшла і назва раёна Пярэселка), якія хадзілі маліцца ў гэтую царкву. Такая версія супярэчыць вынікам раскопкаў.
align=”” width=”308″ height=”515″ >
Яшчэ адзін старажытны храм, Ніжняя царква, у канцы 12 стагоддзя загарэўся ад маланкі, што палічылі благім знакам і аднаўляць царкву не сталі, невядома нават, кім яна была ахрышчаная. На рэштках яе знайшлі гэтак званую Верхнюю царкву, час пабудовы якой і канфесія прыхаджан выклікаюць спрэчкі. На месцы Новага замка стаяла Васкрасенская царква. На месцы царквы Св. Іллі стаіць сучасны Драмтэатр.
У 14-м стагоддзі адбылося гэтак званае другое хрышчэнне, калі ў Кракаве вырашылі, пахрысціўшы, запрасіць каралём паганскага князя Ягайлу.
– Атрымаўшы карону, нецярплівец не даехаў да Вільні, а на Гарадзеншчыне, у Лідскім замку, падпісаў вердыкт пра хрышчэнне, і там жа пачаў хрысціць, – адзначыў Віктар Кірэеў.
Пачалі будаваць касцёлы, але дзядзінцы замкаў ужо былі занятыя, і будаўніцтва ішло па ўскраінах гарадоў. Так, на тагачаснай ускраіне Гродна быў пабудаваны першы гарадзенскі касцёл – знакамітая Фара Вітаўта. У тыя часы былыя паганскія князі па-свойму падыходзілі да рэлігіі, прымаючы новыя канфесіі і багоў з падпарадкаваных зямель. Каталіцызм прасоўваўся павольна. Тым не менш, у Гродна было багата касцёлаў.
Віктар Кірэеў пералічыў шэраг храмаў, перанесеных у іншыя месцы або зруйнаваных за савецкім часам, якія стаялі ў знаёмых нам месцах і ад якіх сёння засталася толькі памяць.
– Пасля Берасцейскай уніі ва ўніяцкую царкву, разам з многімі іншымі, перайшла Каложа. Разам з тым каталіцкіх храмаў рабілася больш, праваслаўныя страчвалі падтрымку Расіі, дзе ў той час панавала смута, і нават быў пасаджаны на царства польскі каралевіч Уладзіслаў, – расказаў краязнаўца.
Шмат цікавых фактаў Віктар Кірэеў распавёў пра гарадзенскія манастыры.
– У 1618 г. войска вярталася з Масквы, і кароль Сігізмунд заночыў у бернардзінскім манастыры. Манахі паскардзіліся на нястачу грошай на будаўніцтва вежы-званіцы, і кароль загадаў даць “з капыта па талеру”.
Гербы найбольш шчодрых дароўцаў размясцілі ў нефе манастыра. Будынак спалучае тры архітэктурныя стылі, а цяпер там размяшчаецца адно з гарадзенскіх ВНУ – каталіцкая духоўная семінарыя.
У 17 стагоддзі ў горадзе з’явіўся манашкі ордэн Св. Брыгіты. Да сённяшніх дзён брыгіцкі манастыр захоўвае шмат старых абразоў, а вось званіца была страчана ў 1956 г.; адгаварыць ад зносу чыноўнікаў намагаліся Васіль Быкаў з сябрамі-пісьменнікамі, але мусілі скарыцца пад пагрозай выключэння з партыі, што тады канчаткова пазбавіла б іх магчымасці друкавацца.
У 16-м стагоддзі кароль Стэфан запрасіў сюды ордэн езуітаў, якія ў 17-18 стст. збудавалі касцёл, цяпер вядомы як Фарны.
– Пасля крывавых войнаў з Расіяй стала мала прыхільнікаў праваслаўя, у 18 стагоддзі тут засталося два ўніяцкія храмы і касцёлы, – распавёў Віктар Кірэеў.
Войны і змены ўлады ў апошнія стагоддзі ўплывалі на чаргаванне канфесій у краі. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай тут сталі будаваць палкавыя цэрквы для расійскіх гарнізонаў і праваслаўнага рускага чынавенства, недзе – перарабляць касцёлы на цэрквы.
Уніяцкую царкву ўлады папросту зліквідавалі. Брыгіцкі, францысканскі касцёлы пакінулі, туды звазілі манашак з іншых месцаў дажываць свой век, і некаторым пашанцавала дачакацца рэвіндэкацыі (вяртання каталіцтва) ў часы міжваеннай Польшчы.
Падчас першай сусветнай вайны кайзераўскія войскі не будавалі храмаў, бо адчувалі часовасць сваёй улады. За польскім часам рэлігійны кірунак зноў радыкальна змяняўся… Прыход савецкай улады цалкам перапыніў дзейнасць цэркваў і касцёлаў ва Усходняй Беларусі, тут яны яшчэ працягвалі існаванне, часам – пад выглядам бальніц. Кірха стала архівам, шматлікія сінагогі былі зачыненыя, дзейнічала па адной царкве і па адным касцёле на розных берагах Нёмана.
– У 1978 г. Музей гісторыі рэлігіі быў перанесены сюды з Полацка, для наведнікаў адчыніўся ў 1985 г., і тады з лекцый людзі даведаліся пра Хрыста, апосталаў, такая контрпрапаганда атрымалася…
Цяпер на Гарадзеншчыне самая высокая ступень рэлігійнасці і самы нізкі ўзровень злачыннасці. Каталікі часцей наведваюць храмы, але праваслаўных больш.
Падчас перапісу веравызванне не фіксуецца, але запісаных палякаў можна прымаць за каталікоў. Паводле перапісу, 70 тысяч чалавек назваліся палякамі, значыць, амаль усе яны каталікі. Таксама ёсць вялікая колькасць каталікоў-беларусаў, яны прыходзяць на імшу на беларускай мове, іх тысяч 20 мінімум, агулам можна прыняць да тысяч 100 каталікоў. Пратэстантаў значна менш, зусім няшмат – уніятаў, – падкрэсліў краязнаўца.
Дарэчы, гарадзенскі Фарны касцёл – адна з трох на Беларусі “малых базілік”, дзе мог бы, калі б прыехаў, праводзіць імшу Папа Рымскі. Дзве другія знаходзяцца ў Пінску і ў Будславе.