Гарадзенскага атлета Івана Ціхана адхілілі ад старту на турніры ў Польшчы

|

Ініцыятарам акцыі выступіў двухразовы алімпійскі чэмпіён у штурханні ядра Томаш Маеўскі.

– Ціхан? Ды тут няма пра што гаварыць. Мы сабраліся і вырашылі, што лепш будзе, калі ён не стартуе. І добра, што ўсё так і скончылася, – цытуе Маеўскага Sport.pl. – Ёсць розныя выпадкі прымянення допінгу спартоўцамі, але горш за ўсё, калі такое адбываецца на Алімпійскіх гульнях, сярод тых, хто прэтэндуе на медалі. Такіх трэба ізаляваць.

Інфармацыю, што беларус адхілены ад старту па просьбе польскіх лёгкаатлетаў, пацвердзіў і трэнер Маеўскага Хенрык Альшэўскі.

– Гэта праўда, спартсмены звярнуліся да мяне, – сказаў Альшэўскі. – Хто канкрэтна? Ну як хто? Томаш Маеўскі. Потым падключыўся і Павел Файдэк (чэмпіён свету ў кіданні молата. – рэд.). Па іх просьбе напісаў ліст спартыўнаму мэнэджару спаборніцтваў Чэславу Запале, які адказвае за старт-лісты.

У ліпені ўпершыню з 2012 года 39-гадовы Іван Ціхан афіцыйна выйшаў у сектар для кіданняў і адразу ж перамог на спаборніцтвах у падмаскоўным Жукоўскім, адправіўшы молат на 77,46 метра (гэта, дарэчы, амаль на паўтара метра далей, чым у пераможцы нядаўняга чэмпіянату Беларусі Паўла Барэйшы – 76,06).

Непрыемнасці трохразовага (2003, 2005, 2007) чэмпіёна свету ў кіданні молата пачаліся адразу пасля Алімпіяды-2008 у Пекіне, дзе Іван Ціхан заваяваў бронзу, а яго таварыш па камандзе Вадзім Дзевятоўскі – срэбра. Міжнародны алімпійскі камітэт абвясціў аб станоўчых допінг-пробах у абодвух атлетаў і абавязаў іх вярнуць ўзнагароды. Але спартоўцы не змірыліся з вердыктам і здолелі выйграць знясільваючую двухгадовую цяжбу супраць Мока. У 2010 годзе ва ўрачыстай абстаноўцы медалі ім былі вернутыя, а самі кідальнікі сталі рыхтавацца да лонданскай Алімпіяды-2012.

Праўда, Дзевятоўскі з-за траўмы ў Лондан не паехаў, а вось Ціхан, які прыбыў на Гульні ў рангу ўладальніка лепшага выніку сезона ў свеце, нечакана быў зняты са спаборніцтваў. Прычынай таму стала рашэнне Міжнароднай федэрацыі лёгкай атлетыкі (ІААФ) аб адхіленні атлета з-за станоўчых допінг-пробаў, узятых у яго яшчэ на Гульнях-2004 у Афінах і на чэмпіянаце свету – 2005 у Хельсінкі. Аналізы васьмігадовай і сямігадовай даўніны падвергліся пераправеркі з дапамогай новых тэхналогій і далі станоўчы вынік.

“Лісты шчасця” з антыдопінгавых караючых органаў Ціхан атрымліваў яшчэ на працягу амаль двух гадоў. Спачатку яго пазбавілі срэбнай узнагароды Алімпіяды-2004, затым пазбавілі тытула чэмпіёна свету – 2005 і дыскваліфікавалі на 2 гады.
Тэрмін пакарання адлічваўся ад 3 жніўня 2012-га і завяршыўся 3 жніўня 2014-га. У выніку атрымалася, што з-за дыскваліфікацый і судовых цяжбаў атлет не выступаў на топ-турнірах вось ужо амаль 7 (!) гадоў – з часу Алімпіяды ў Пекіне.

Нядаўна было абвешчана, што цяпер Іван Ціхан зноў рыхтуецца да паездкі ў Пекін – на гэты раз кітайская сталіца прыме чэмпіянат свету – 2015 па лёгкай атлетыцы, які пройдзе з 22 па 30 жніўня. А праз год у Рыа-дэ-Жанейра адбудзецца ўжо і чарговая Алімпіяда. Толькі ці даедзе Іван Ціхан да Кітая і Бразіліі?

 

Крыніца: SPORT.TUT.BY