“Я з вёскі, я з калгасу …”: У Гродне заспяваў заатэхнік (ВІДЭА)

Ясенін мой натхняльнік.

Усё пачалося ў 2006 годзе, у 11 класе, калі я захапіўся вершамі Ясеніна. З тых часоў і сам стаў спрабаваць пісаць.

 

Калі паступіў у Гродзенскі Аграрны ўніверсітэт на заатэхніка, то навучыўся трошкі іграць на гітары і пачаў спрабаваць складаць песні. Доўга правучыцца мне не ўдалося – адлічылі, і ў 2009 годзе забралі ў армію. Тут я напісаў шмат вершаў і песень на вайсковую тэматыку. Мая творчасць падабалася саслужыўцам, часцяком па вечарах мы спявалі.

 

Неяк пасля арміі, па п’янцы, праспяваў сябрам пару сваіх песень і адзін з іх прапанаваў паспрабаваць запісаць нешта на студыі гуказапісу ў яго знаёмага. Так я запісаў першую песню пад назвай “Добры дзень, Шчучын“. Яна стала вельмі папулярнай  у Шчучынскім раёне, адкуль я родам. Потым запісаў яшчэ дзве песні. Але з часам закінуў творчасць і доўгі час нічога не пiсаў.

 
Аднойчы да мяне звярнуліся людзі з фірмы, яны займаюцца стварэннем сайтаў. Хтосьцi ім распавёў пра мае песні. Мы з імі сустрэліся і пагаварылі. Яны  параілі паспрабаваць рабіць песні ў новым стылі “агра-рэп”. Мяне гэта зацікавіла, я напісаў у гэтым стылі некалькі песень. Але вось ім новыя песні неяк не вельмі спадабаліся. Параілі купіць мікрафон для лепшага запісу. На гэтым усё і скончылася.

Я – заатэхнік!

Я вучыўся на заатэхніка на стацыянары і ўжо тады хацеў напісаць пра гэта, але нічога не лезла ў галаву. Потым мяне адлічылі і я пайшоў служыць у войска. Пасля ваеннай службы працаваў памочнікам загадчыка фермы. З часам аднавіўся ўжо на завочнае аддзяленне. Але другую сесію не здаў і адлічылі другі раз. Пасля ўсіх правалаў уладкаваўся заатэхнікам на малочным комплексе, там 3 месяцы прапрацаваў і ўдалося аднавіцца зноў ва ўніверсітэт. Такім доўгім шляхам ішоў я да песні “Заатэхнік”. У прыпеве гучыць – “заатэхнік ты, я і ўся мая сям’я”, але эта крыху не так. Проста адзін мой аднакурснік па мянушцы Пася, неяк мне сказаў, што ў яго і дзед заатэхнікам быў, і бацька, і ён вырашыў працягнуць дынастыю. Я ўзяў ідэю для прыпева з яго жыцця. Бо у мяне маці настаўніца, а бацька будаўнік. Песні я пішу хутка, напрыклад за адзін вечар, а гэту пісаў доўга. Спачатку прыйшоў у галаву запамінальны прыпеў. Потым неяк прыдумалася ўступленне:  “Ага, эгы, эгэ …”, праз некалькі дзён першыя два слупкі куплета, а потым сеў і напісаў песню да канца. Думаю, калі б я не працаваў заатэхнікам раней, то і песня ў мяне б не атрымалася.

 

Новае жыццё.


Вось ужо 2 гады працую на будоўлі. Частыя камандзіроўкі не пакідаюць часу на творчасць. Але вершы і песні гэта хобі, без якога я ўжо не магу абыйсціся. У будучыні планую запісаць  нешта яшчэ і на відэа. Можа быць пра Гродна песню, або пра нашу краіну. Хачу, каб усе ведалі – ва ўсё што я пішу, я ўкладаю душу.