Святкаванне Дня польскага войска на Гарадзеншчыне

|

Урачыстасці пачаліся ўвечары 14-га жніўня на гарадзенскіх вайсковых і старых каталіцкіх могілках, дзе на магілах жаўнераў польскага войска былі запаленыя знічы і ўскладзеныя вянкі. У Пабернардынскім касцёле была адслужаная Святая імша ў памяць аб абаронцах Айчыны, якіх, па словах старшыні Саюза палякаў ў Беларусі Мечыслава Яскевіча, не павінны забываць нашчадкі:

 

– Гэтыя хлопцы, якія змагаліся, напрыклад, з 81-га гарадзенскага стралковага палка, іх магілы можна спаткаць і пад Варшавай, можна спаткаць і тут, на гарадзенскіх могілках. Гэтыя хлопцы былі пераважна жыхарамі Гародні, або ваколіц горада. Яны змагаліся за вольнасць свайго краю, супраць гэтай савецкай навалы, супраць гэтай чумы ХХ стагоддзя.

 

Урачыстасці з нагоды дня польскага войска працягнуцца ў суботу і нядзелю на тэрыторыі ўсяго Прынёманскага рэгіёна. Дэлегацыі Саюза палякаў і прадстаўнікі Генеральнага консульства Рэспублікі Польшча ў Гародні ўскладуць кветкі і запаляць знічы на магілах герояў польска-бальшавіцкай вайны больш як у 25-ці мясцовасцях па ўсёй Гарадзенскай вобласці.