Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Шчучынскі раён
Нашай правадніцай па Шчучыншчыне стала вядомая журналістка і фатограф Ала Бібікава.
1. Цудатворны абраз Маці Божай Ракавіцкай і цудатворная крыніца
Прыехаўшы на Шчучыншчыну, трэба абавязкова пабываць ў в. Ракавічы, што ў 13 кіламетрах ад райцэнтра.
Там у Свята-Ражства-Багародзічнай царкве знаходзіцца найвялікшая святыня Шчучыншчыны – абраз Маці Божай Ракавіцкай.
Згодна паданню, у 1748 годдзе ён трапіў да мешчаніна Макрэцкага, якому перад гэтым прысніўся вешчы сон.
Раніцой той пайшоў да азначанага месца ля ракі, дзе і ўбачыў ікону, што плыла па вадзе. Пешшу спадар Макрэцкі адправіўся ў Вільню, дзе з маленькай іконы зрабілі прыгожы вялікі спіс. Цудатворны абраз праявіў сябе шматлікімі цудамі вылячэння хворых. Сапраўдным цудам вернікі лічаць і той факт, што ні пры якіх уладах царква не зачынялася.
Штогод 9-10 жніўня шматлікія паломнікі прыходзяць у в. Ракавічы да заступніцы, каб прасіць аб дапамозе, падзякаваць за міласць і разам памаліцца. Багародзіца дапамагае ўсім, хто звяртаецца да яе са шчырым сэрцам.
Дарэчы, рачулка змялела, амаль знікла, а там, дзе быў здойдзены абраз і сёння бруіцца цудатворная крыніца, чыя гаючая вада дапамагае хворым людзям, ачышчае духоўна, надае сілы.
2. Клуб-музей Чэслава Немэна і касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў вёсцы Старыя Васілішкі
Старыя Васілішкі – малая радзіма знакамітага польскага музыканта, кампазітара і спевака Чэслава Немэна (Выджыцкага).
У 2010-м годзе там быў адчынены клуб-музей – адзіны ў свеце музей рок-музыканта. У звычайнай сялянскай хаце, дзе нарадзіўся і вырас Чэслаў Выджыцкі і дзе сабраны шматлікія фотаздымкі, плыты, рарытэтныя рэчы, гучыць яго непаўторны голас.
Вам распавядуць гісторыю яго вучобы і першага кахання, раскажуць пра тое, як ён сумаваў па радзіме, а, дасягнуўшы славы, запрашаў землякоў на канцэрты, у перапынках паміж гастролямі імчаўся на таксоўцы ў родныя мясціны ажно з Масквы…
Трапіўшы ў Старыя Васілішкі, абавязкова зайдзіце ў велічны чырвоны касцёл – святых апосталаў Пятра і Паўла, дзе вісіць мемарыяльная дошка ў гонар Чэслава Немэна, а ўнікальныя вітражы з біблейскімі сюжэтамі выкананы ў лепшых традыцыях еўрапейскага вітражнага мастацтва.
3. Коркавы гай
Недалёка ад райцэнтра ў наваколлі вёскі Ялашаўцы раскінулася цэлая плантацыя коркавага дрэва (яно ж аксаміт Амурскі), якую ў 1954 годзе заклалі работнікі Шчучынскага лясніцтва.
Ці ж не дзіва, што дрэвы, радзімай якіх з’яўляюцца паўднёвыя шыроты, прыжыліся ў нашай мясцовасці?!
Дарэчы, кара коркавага дрэва з’яўляецца элітным прамысловым матэрыялам, а шчучынскія гімназісты разам з супрацоўнікамі лясгасу распрацавалі турыстычны маршрут для турыстаў акурат да коркавага гаю.
4. Палац Святаполк-Чацвярцінскіх у г.п. Жалудок
Родавы палац княжацкага роду Святаполк-Чацвярцінскіх, пабудаваны ў 1908 годзе па праекце італьянскага архітэктара Марконі ў стылі неабарока з элементамі мадэрна – самы шматпакутны і самы папулярны ў кінематаграфістаў палац.
Тут здымаліся хорар “Масакра”, прыгодніцкі фільм “Кіндэрвілейскі прывід”, шэраг дакументальных стужак і музычныя кліпы.
Год таму палацавы комплекс перайшоў ва ўласнасць расійскай сям’і, якая плануе давясці гістарычную каштоўнасць да ладу і стварыць тут самабытны турыстычный комплекс.
5. Зёлкавыя плантацыі аграпрадпрыемства “Вялікае Мажэйкава”
Неабсяжныя духмяныя бялюткія і аранжавыя палеткі – плантацыі рамонку і календулы – сапраўднае дзіва для турыста. “Вялікае Мажэйкава” – адзінае ў краіне аграпрадпрыемства, якое займаецца прамысловым вырошчваннем лекавых раслін. Зёлкамі тут занята 470 гектараў!
Уборачная гарачая пара ў гаспадарцы пачынаецца ў чэрвені і заканчваецца глыбокай восенню.
Збіраюць лекавыя травы менавіта ў той час, калі яны утрымліваюць максімальную колькасць карысных рэчываў. Каб мы маглі купіць у аптэках якасныя цудадзейныя зёлкі, напоеныя сонцам і сіламі роднай зямлі.
Чытай таксама:
Адведай 85 “разынак” Гарадзеншчыны: Астравецкі раён
Фота аўтара