Бітыя шыбы, каменяванне і суд: як адбыўся адзіны ў гісторыі Гродна яўрэйскі пагром
Пачалася трагічная гісторыя 7 чэрвеня 1935 г. Гэтым днём у Гродне адбывалася пахаванне забітага некалькімі днямі раней Уладыслава Кушчы. Як успаміналі старэйшыя людзі, той быў ці тое матросам, ці тое навучэнцам марскога вучылішча і на некаторы час прыехаў у Гродна на пабыўку. На вячэрніх танцах ён схапіўся з некалькімі яўрэйскімі хлопцамі (кажуць, што размова ішла пра дзяўчыну) і, атрымаўшы ўдар нажом, загінуў.
Забойцы трапілі ў турму, але на пахаванні Кушчы на гродзенскіх каталіцкіх могілках прагучалі галасы, што трэба адпомсціць яўрэям. Найбольшую актыўнасць у закліках праявілі Альфонс Панасюк ды Станіслаў Казлоўскі. Каля тысячы чалавек рассыпаліся па ўсім горадзе і пачалі біць шыбы ды збіваць яўрэяў на вуліцах. Былі цяжка паранены два яўрэі – Беразоўскі і Бехер, якіх перанеслі ў яўрэйскі шпіталь, але яны ўсё адно хутка памерлі.
Яшчэ было збіта больш сарака чалавек (чатырох паранілі вельмі цяжка – Ахуна, Клейнбарта, Атласа і Лейпунскага), шыбы былі выбіты больш чым у двух сотнях будынкаў. Горад панёс стратаў больш чым на 20 тысяч злотых. Даставалася не толькі яўрэям – пад гарачую руку падпадалі і адпаведнага выгляду хрысціяне, аднаго такога нават скінулі з балкона.
Восенню перад судом па справе пагрому сталі 17 чалавек – сярод іх згаданыя Панасюк і Казлоўскі, а таксама Марцінчык, Жыгманскі, Баліцкі, Бельскі, Жукава, Лясота і іншыя. Завадатары не прызнавалі сваёй віны, кажучы, што не арганізоўвалі пагрому, а толькі ўдзельнічалі ў ім на хвалі агульнага абурэння.
Суд заслухаў 54 сведкаў, сярод якіх было шмат тайных паліцэйскіх функцыянераў, якія апісалі, як абвінавачаныя ішлі на чале дэманстрацыі з могілкак. Некаторых затрымлівалі непасрэдна на месцы, напрыклад абвінавачанага Баліцкага злавілі, калі той выбіў шыбу ў сінагозе. У кішэні ён меў нож.
Следства выявіла трагічныя акалічнасці – напрыклад Бехер быў насмерць закіданы камянямі на вачах у яго 12-гадовага сына, які нават апазнаў абвінавачана Раманчука. Цяжка паранены сведка Лейба Бучынскі паведаміў, што ўцякаючы ад натоўпу, ён хацеў схавацца ў будынку староства, аднак чыноўнік Гурскі стукнуў яго па твары і выпхаў на вуліцу.
13 лістапада 1935 у 13.30 суд агучыў прыгавор. Абвінавачаны Альфонс Панасюк атрымаў год турмы, тры абвінавачаныя атрымалі па 9 меяцаў, яшчэ тры па 6 месяцаў. Рэшту прызналі невінаватымі. З асуджаных у турму ніхто не трапіў – Панасюка выпусцілі за штраф у памеры 100 злотых, рэшце адтэрмінавалі прысуд на 5 гадоў. Калі згадаць, што забойцаў Кушчы – Станіслава Стэйнера і Міхала Кантароўскага суд прыгаварыў да 12 і 4 гадоў турмы адпаведна, то прысуды пагромшчыкам выглядалі больш чым мягка.Тым болей тым, хто па паказаннях сведкаў, каменявалі людзей 7 чэрвеня.
Зразумела, што падобная несправядлівасць нараджала пачуццё крыўды і вяла да накаплення супярэчнасцяў у грамадстве, якія цалкам праявіліся ў супрацьстаянні восені 1939 года і падзеях 1941 – 1943 гг.