У Шчучыне абмеркавалі правядзенне Дня беларускага пісьменства

|

Удзельнікі паседжання агледзелі культурныя і сацыяльныя аб’екты, на каторых вядуцца будаўнічыя і рамонтныя работы з нагоды падрыхтоўкі да свята.

 

У палацы князёў Друцкіх-Любецкіх завяршаюцца аддзелачныя працы. Тут размесціцца цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Абнаўляецца раённы Дом культуры, установы адукацыі, гарадскі стадыён “Алімп”. Добраўпарадкоўваецца набярэжная ля возера. Былы кінатэатр «Беларусь» перабудоўваецца ў сучасны моладзевы цэнтр, дзе ў перспектыве размесцяцца кіназала 3D на 112 месцаў, дзіцячы забаўляльны комплекс, кафэ, танцзала, студыя для правядзення інтэлектуальных гульняў і многае іншае.

 

УП “Гроднааблсаюздрук” адкрыла ў горадзе новы прасторны павільён з друкаванай і сувенірнай прадукцыяй.

 

ААТ “Белкніга” рыхтуе да свята адкрыццё кнігарні, які размесціцца ў адрамантаваным памяшканні. Актыўна ідзе і рамонт цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Цёткі. Уезд у горад таксама набыў абноўлены выгляд. Нядаўна сюды перамясціўся са сквера ў былым ваенным гарадку самалёт “МІГ-25”.

 

Галоўнымі тэмамі Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне стануць Год моладзі, 70-годдзе Перамогі і 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Мерапрыемствы пачнуцца 5 верасня. У гэты дзень у абноўленай раённай бібліятэцы імя Цёткі адбудзецца круглы стол з удзелам беларускіх і замежных пісьменнікаў.

 

Пройдуць таксама навукова-практычная канферэнцыя “Щучынскія чытанні”, конкурс юных чытальнікаў, літаратурная вечарына з удзелам беларускіх пісьменнікаў. Асноўныя мерапрыемствы адбудуцца 6 верасня. У гэты дзень пройдзе адкрыццё палаца Друцкіх-Любецкіх. Адбудзецца ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

 

Чытайце таксама пра конкурс самаробнай кнігі, што праводзіць да Дня беларускага пісьменства абласная навуковая бібліятэка.