Знакавы фестываль сярэднявечнай культуры пройдзе ў Гальшанах
Шосты раз легендарны, поўны міфаў і легенд замак роду Сапегаў у Гальшанах збірае прыхільнікаў сярэднявечнай культуры, аматараў рыцарскіх турніраў і народных рамёстваў, знатакоў добрай аўтэнтычнай музыкі і тэатральнага мастацтва на традыцыйны фестываль “Гальшанскі замак”.
2015 багаты многімі юбілейнымі датамі: ўнікальнаму беларускаму мястэчку Гальшаны спаўняецца 735 гадоў, легендарнай родапачынальніцай каралеўскай дынастыі Ягелонаў – Соф’і Гальшанскай – 610, сцены рэзідэнцыі Сапегаў адзначаюць свой шаноўны юбілей – 405 гадоў з дня ўзвядзення.
У сувязі з гэтым фестываль пачнецца ў цэнтры аграгарадка з урачыстага мерапрыемства, прысвечанага 735-годдзю заснавання Гальшанаў. Следам адбудзецца тэатралізаванае шэсце ўдзельнікаў фестывалю да руін замка Сапегаў.
Выдатным падарункам усім гасцям фестывалю стане незвычайны спектакль вулічнага тэатра «Вір» (г.Мінск) па аднайменнай карціне знакамітага нідэрландскага мастака Гераніма Босха . Госці фестывалю не толькі змогуць убачыць маляўнічую пастаноўку гэтага калектыву, але і паўдзельнічаць у майстар-класе па хадзе на хадулях.
Зачараванне харэаграфічнай культуры мінулага прадставіць танцавальны калектыў “SOLЕIL” (г.Мінск), які правядзе майстар-клас па сярэднявечных і шатландскіх танцах.
Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь “Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр» (дырэктар – Пятровіч Аляксандр Яўгенавіч) на адкрытай пляцоўцы прадставіць музычныя фрагменты з вядомых спектакляў.
На пляцоўцы ля сцен замка збяруць сваіх прыхільнікаў рыцарскія турніры – адно з самых займальных відовішчаў свята.
Рыцарскі лагер у гэтым годзе прадстаўлены народным клубам славянскіх адзінаборстваў “Арыдан” (г. Гродна), Мінскім стралковым клубам “Bow’s club”, конна-спартыўным клубам «Залатая шпоры» (Мінская вобласць) і іншыя. Дзякуючы ім глядач акунецца ў чароўную атмасферу сярэднявечча.
Конна-спартыўны клуб “Залатая шпоры” з Мінскай вобласці прадставіць тэатралізаванае коннае шоў “Гісторыя рыцара”, дзеянне якога адбываецца ў памежных землях Вялікага княства Літоўскага.
Удзельнікаў вечаровай праграмы фестывалю чакае незабыўнае музычнае прадстаўленне вядомых груп сярэднявечнай беларускай музыкі “Літы Талер” і “Pawa”, а таксама дуэта з Мінска “Дзівабор”. Феерычнае тэатралізаванае фаер-шоу пакажа вулічны тэатр “Вір”.
Гасцей свята чакаюць майстар-класы па ганчарству, кавальскім рамястве, фехтаванні.
Аматарам актыўнага адпачынку Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф. Багушэвіча прапануе экскурсіі пешую ці оўтобусную экскурсіі “Падарожжа па Ашмянскаму краі”.
Фестываль “Гальшанскі замак” ужо мае сваю гісторыю і традыцыі, стаўшы своеасаблівай візітнай карткай рэгіёну. Ён запрашае ўсіх аматараў сярэднявечнай культуры, гісторыі і таямніц атрымаць асалоду ад зачараваннем старажытных Гальшан, стаць удзельнікамі непаўторнага свята.
Праграму свята можна знайсці тут.