Каб памяталі: У Еўропе адзначаюць дзень памяці ахвяр нацызму і сталінізму
23 жніўня 1939 паміж Савецкім Саюзам і фашысцкай Германіяй быў заключаны дагавор аб ненападзеннi, вядомы як “Пакт Молатава-Рыбентропа“. Сакрэтны пратакол да гэтага пагаднення прадугледжваў падзел Усходняй Еўропы.
1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу. Гэты дзень стаў пачаткам Другой сусветнай вайны. СССР, паводле дамовы аб ненападзеннi, узяла абавязкі не ўмешвацца ў ваенныя дзеянні іншага боку.
Сваю зону ўплыву СССР узяў пад кантроль праз два з паловай тыдні, патлумачыўшы сусветнай супольнасці, што ідзе на дапамогу ўкраінцам і беларусам, якім пагражае нямецкая агрэсія. пра тое, чым скончылася вызваленне заходніх зямель Беларусі і Украіны, напісана ўжо не адна кніжка.
“Твой стыль” выйшаў у горад, каб знайсці людзей, якія ў свой час пацярпелі ад двух дыктатур. А такіх людзей, чые сям’і пацярпелі ад рук камунізму ці фашызму вельмі шмат. Зараз яны распавядаюць распавядаюць пра зверствы нацызму.
Валянціна Рыгораўна:
– Гэта трагедыя закранула і мяне. У 1930-ых гадах майго бацьку саджаюць у турму за тое, што ён удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. Доўга яму сядзець не ўдалося – расстралялі. Але ў адзіным лісце, які ён даслаў маёй маме, было напісана: “Навучы нашых дзяцей любіць сваю Радзіму”. Мама мяне так выхавала, што ў 1941, доўга не думаючы, я запісалася добраахвотнікам на фронт. Прайшла ўсю вайну, вызваляла Берлін. Бачыла жахі вайны. Мне, семнаццацігадовай дзяўчыне, карціна тых гадоў запомнілася назаўжды. Жахі канцлагераў, разбітыя гарады і спаленыя вёскі, усё гэта я бачыла на ўласныя вочы. Ідучы на вайну, я не ведала і не бачыла ніколі палякаў, габрэяў і немцаў. Але ўжо прайшоўшы вайну, я запомніла на ўсё жыццё гэтыя нацыі. Я лічу, што цяперашняе пакаленне павінна аб’яднацца і забыць старыя крыўды. Негатыў мінулых гадоў можа прывесці да чарговай вайны, а паверце, гэта жах.
Іван Фёдаравіч:
– Мая сям’я пацярпела ад нацызму. Маці разам з усімі дзецьмі вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Праўда, да іх там дрэнна не ставіліся. Кармілі і давалі жыллё. Але аднойчы іх прынялі за габрэяў і пагналі ў канцлагер – ўжо перад самай печчу іх апраўдалі. Але тыя жахі вайны засталіся ў іх памяці да сённяшнніх дзён. Дзядуля, які быў у Беларусі ў той час, таксама пацярпеў ад немцаў. Ён сядзеў у турме за тое, што быў партыйным.
Вольга Уладзіміраўна:
– Мая мама 1924 года нараджэння пацярпела ад нацызму. Яе разам з сястрой прымусова загналі ў Германію. Працавалі яны на фабрыцы, часцяком у начную змену. так – аж да 1945 года, да таго моманту, калі ўжо савецкая армія дайшла да Одры. У адзін момант яны вырашылі бегчы, і самі, пешшу, праз усю Польшчу, дайшлі дадому.
У нашай невялікай калекцыі ёсць матэрыял і пра чалавека, які пацярпеў ад двух рэжымаў. Пра Дзеда Казіка напісана ўжо шмат. Але яго гісторыя унікальная.
Сёння, у дзень памяці ахвяр дыктатарскіх рэжымаў памяць народа можа стаць перасцярогаю для сучасных людзей.