У Беларусі стартавала акцыя ДАІ “Увага – дзеці!”
Напярэдадні пачатку навучальнага года колькасць дзяцей-пешаходаў на вуліцах населеных пунктаў заўсёды значна ўзрастае. У мэтах павышэння бяспекі дарожнага руху, прадухілення дарожных-транспартных здарэнняў кіроўцам неабходна максімальна ўважліва кіраваць транспартнымі сродкамі, адсочваць дарожную абстаноўку і своечасова рэагаваць на яе змены.
Па інфармацыі гродзенскай ДАІ, ужо з пачатку года на тэрыторыі вобласці ў дарожна-транспартных здарэннях пацярпелі 28 дзяцей. Важна, каб бацькі пастаянна нагадвалі дзецям аб неабходнасці захавання элементарных правілаў паводзін на дарозе.
У мэтах прыцягнення ўвагі дзяцей ва ўказаны перыяд кіроўцам аўтатранспарту неабходна ездзіць з уключаным святлом фар незалежна ад часу сутак, калі гэтае патрабаванне кіроўцамі ігнаруецца – штраф 0,5 базавай велічыні. У сваю чаргу супрацоўнікі ДАІ ўзмоцняць кантроль за выкананнем кіроўцамі Правілаў дарожнага руху ў месцах размяшчэння дзіцячых дашкольных і школьных устаноў.
Важна адзначыць, што ў краінах Еўразвязу ўжо даўно прынята рашэнне аб тым, што аўтамабіль павінен заўсёды рухацца з уключаным святлом фар. Некаторыя аўтазаводы нават выпускаюць аўтамабілі, у якіх аўтаматычна ўключаецца бліжняе святло фар пры завядзенні аўтамабіля. Магчыма, і нам было б варта ўвесці такі закон дзеля большай бяспекі на дарозе?