Фотафакт: Гіганцкая выява Скарыны ўпрыгожыла фасад школы ў Шчучыне
Наўрад ці хто з тых, хто бываў каля СШ №2 г. Шчучына, не звярнуў увагу на распісаны прафесійнымі мастакамі фасад будынка. Гіганцкая карціна “нарадзілася” за сем дзён. Вельмі сімвалічна, што выява Францыска Скарыны, першадрукара, знакамітага дзеяча беларускай культуры XVI стагоддзя, стане адной са славутасцей горада якраз напярэдадні Дня беларускага пісьменства, піша “Дзянніца”.
– Для нас гэта адзін з самых цікавых праектаў, – расказвае Максім Мамедаў з мінскай кампаніі “ArtShok”, які працуе ў Шчучыне разам з мастаком Яўгеніем Літвінавым. – Мы рыхтавалі эскізы, а затым прадстаўлялі іх на абмеркаванне.
Яўген займаецца роспісам фасадаў каля трох гадоў. Даводзілася наносіць малюнкі на плошчы каля 1000 кв. метраў.
– Самым складаным для нас было захаваць прапорцыі фігуры Францыска Скарыны, а таксама суаднесці іх з выявай знакавай вежы, – тлумачыць Максім. – Мы размячалі ўсе асноўныя лініі ноччу з выкарыстаннем праектара. Стварыць такі насценны жывапіс могуць не многія спецыялісты. Гэты малюнак на сцяне школы нанесены з дапамогай балончыка сінтэтычным акрылам – надзвычай якаснай фарбай, якая накладваецца, як плёнка, і нават абараняе сцяну.