Гарадзенскія львы: гісторыя і сучаснасць

Леў – адзін з улюбёных герояў еўрапейскага мастацтва. Гэта і хрысціянскі сімвал, і сімвал мужнасці і рыцарства, і знак вялікадушнасці і гонару. Ёсць у Еўропе гарады, дзе львы літаральна паўсюль – у храмах, на гербах, набярэжных і франтонах дамоў. Не ведаем, колькі іх у Санкт-Пецярбурзе, а вось львоўскія краязнаўцы як пачалі лічыць, то хутка збіліся з ліку. Папуляцыя каменных львоў у Львове перавальвае за некалькі тысяч. У Гродне львоў значна менш, але шукаць іх і разведваць іх гісторыі – надта займальная справа. Раскажам пра некаторыя з іх.

 

На вулачку Студэнцкую вельмі рэдка заходзяць не тое, што турысты, але і жыхары горада. Але ўжо хто зайшоў, той абавязкова падыдзе да сімпатычнага дома, дзе шмат гадоў працавала гродзенская станцыя пералівання крыві. І з надваконных ліштваў гэтага дома на мінакоў глядзяць даволі злыя, зубастыя львы.

Дом па Студэнцкай №6 пабудаваў у 1906 г. афіцэр расійскай арміі Георгій Чэлакаеў. А Чэлакаеў – гэта зрусіфікаваная версія грузінскага прозвішча Чалакашвілі. Князі Чалакашвілі былі адным з старажытных родаў Грузіі, які паходзіў ці тое ад мангола-татараў, ці тое ад генуэзскіх рыцараў, якіх занесла ў Дагестан, а пасля ў Грузію. Таму леў з’явіўся на доме зусім нездарма, бо львы былі ўлюбёным сімвалам грузінскай знаці. На дзяржаўным гербе Грузіі шчыт са Святым Георгіем таксама трымаюць львы.

 

Гісторыя невялікіх львоў пад карнізам будынка пошты па Ажэшкі №9 таксама вельмі цікавая. Перапачаткова іх на будынку не было, хаця былы бровар баніфратараў быў ці бальніцай, ці тэлеграфам, і ў канцы 19 – пачатку 20 ст. заўсёды выглядаў вельмі прыстойна.

У апошнюю вайну будынак моцна пацярпеў, і яго, мабыць, зруйнавалі бы па прыкладу іншых дамоў горада, каб не адзін чалавек. Яго звалі Мікалай Аляксандравіч Максімец (1906–1956). Ураджэнец Беластока, які, як былы вязень сталінскіх лагераў, хаця і праектаваў будынкі ў Гродне, аднак жыць быў вымушаны ў Лідзе. Ён вырашыў не руйнаваць гэты дом, і менавіта па яго ініцыятыве на фасадзе будынка з’явіліся медальёны з выявамі львоў – асацыяцыя з ленінградскай архітэктурай, якую архітэктар вельмі любіў. Паболей бы ў тыя гады гораду такіх архітэктараў. Мо і гасцініцу “Еўропа”, і ратушу захавалі бы і львоў бы дадалося.

Сфінксаў на браме Новага Замка да львоў можна запісаць толькі з вялікім авансам, але львінага ў іх хоць адбаўляй, таму распавядаем. Неяк па дарозе з Варшавы кароль Рэчы Паспалітай Аўгуст ІІІ заехаў у Беласток і завітаў да ўласніка горада Браніцкага. Той меў шыкоўны палац, але каралю асабліва прыглянуліся сфінксы, і ён замовіў такія для Гродна. Кажуць, што адзін з іх мае твар караля, а другі – ягонай жонкі. Аўтар неаднойчы спрабаваў разабрацца дзе чый, але, мабыць, за доўгія гады шчаслівага сямейнага жыцця кароль і ягоная жонка сталі выглядаць амаль аднолькава.

Ёсць лёў і ў Старым Замку – пад аркай самай вялікай залы палаца. Ён не вельмі стары, бо гэтую арку палац прыдбаў каля 1902 года, калі ішла перабудова замка. Аднак паколькі ў зале адбываліся акурат афіцэрскія прыёмы і балі, якія ладзілі афіцэры гродзенскага гарнізона, дык магчыма ёсць некая сувязь з грузінскім львом на Студэнцкай №6. Тым больш, што Чэлакаевы служылі ў 101-м пяхотным палку, які знаходзіўся ў Гродне.

Львоў у інтэр’ерах гродзенскіх храмаў не адзін і не два. Мы глянулі толькі на алтар Фарнага касцёла і адразу знайшлі некалькіх. Па-першае, леў разам з евангелістам Маркам. З выгляду ён больш нагадвае паляўнічага сабаку, але затое вельмі мірны.

Па-другое, львы на гербе фундатара алтара Самуэля Лозы (Лазовага).

Пра льва евагнеліста Марка можна расказваць вельмі доўга – гэта адзін з найважнейшых хрысціянскіх сімвалаў – і з кнігі Ізэкіля і з Яна Багаслова. Памятаеце баладу вядомага расійскага спевака “Тебя там встретит огнегривый лев…”, а таксама залаты арол і вол з вялікай колькасцю вачэй? Усё з прароцтваў пра рай – нябеснае царства. Пра Самуэля Лазовага згадаем толькі, што ён разам са сваім гербам – навадзелы. Іх пасля пажару 2006 г. аднавілі і вярнулі на алтар толькі праз пяць гадоў.

 

Больш масава пайшлі ў Гродна львы з польскіх маркетаў ды беларускіх будаўнічых прадпрыемстваў. Часам даволі сімпатычныя (як гэтыя на браме недалёка ад цэнтра).

А часам традыцыйна безгустоўныя – якімі любяць аздабляць брамы беларусы і якімі аздобілі фасады дома на куце вуліц Маладзёжнай і Карла Маркса. Нічога ў прынцыпе супраць бетонных львоў не маючы, адзначым аднак тое, што размяшчэнне такіх пачварак на будынку у дваццаці метрах ад касцёла 17 стагоддзя сведчыць аб тым, што справа выдачы дазволаў на падобныя “украшацельствы” знаходзіцца ў нашым горадзе недзе на ўзроўні плінтуса. Хаця безумоўна, і гэтыя львы з часам зоймуць сваё месца ў гарадскім фальклоры. Прынамсі, так высока іх суродзічам трапляць яшчэ не прыходзілася.

Гэта, безумоўна, не ўсе львы нашага горада. Таму прапануем чытачам квэст – шукайце гарадзенскіх львоў, пішыце нам пра іх гісторыі, а мы ўжо ў даўгу не застанемся.