Ці знойдуць косткі на тэрыторыі былога “Пагранатраду” на Горкага?

|

Актыўныя працы на самым пачатку вуліцы Горкага пачаліся літаральна на днях: быў знесены аварыйны будынак складоў пасляваеннай пабудовы ды некаторыя іншыя падсобныя памяшканні. Гістарычныя будынкі на тэрыторыі былой часткі не пашкоджаныя, зараз з іх выкідваюць смецце.

На месцы “Пагранатрада”, які займаў амаль 2 тысячы кв. м, у перспектыве мае паўстаць Парк высокіх тэхналогіяў з адміністратыўнымі будынкамі, адукацыйным цэнтрам, заламі для паседжанняў і перамоваў ды інш. Добраўпарадкаваць маюць таксама прылягаючую тэрыторыю Гараднічанкі, якая ўжо даўно знаходзіцца ў занядбаным стане.

 

Жыхары з прыватных дамоў побач са здзіўленнем назіраюць за ўсім гэтым вэрхалам. Некаторых непакоіць стан дрэваў на тэрыторыі комплексу, якія могуць уяўляць небяспеку для іх дамкоў. На просьбу прыбраць клёны рабочыя, са словаў жыхароў, не адрэагавалі: маўляў, дрэвы знаходзяцца не на іх балансе.

Небяспечныя, на думку жыхароў, клёны

Незадаволеная аварыйнымі дрэвамі жыхарка

Суседзі “пагранатраду” моўчкі назіраюць за зносамі побач

 

Нагадаем, што комплекс будынкаў па Горкага, 1 паўстаў у 1895-1912 гадах як гарадская (акружная) лячэбніца. У міжваенны перыяд тут месцілася аддзяленне псіхічна-хворых, палявы запасны шпіталь ды казармы польскай жандармерыі. Ад жніўня 1944 будынкі займалі часткі памежных войскаў НКУС. Канчаткова памежнікі пакінулі комплекс толькі ў 2009 годзе.

Абрыўкі памяці ўнутры былых вайсковых будынкаў

 

Цагляныя камяніцы, збудаваныя на пач. ХХ ст., зараз маюць статус гісторыка-культурных каштоўнасцяў.

Цікава, што за часамі І Сусветнай вайны, згодна тагачасным фотаздымкам, побач з будынкам лячэбніцы функцыянавалі могілкі, таму не выключана, што падчас сёлетніх будаўнічых працаў будуць выяўленыя парэшткі стогадовай даўніны.