Сірыец, які жыве ў Гродне, распавядае, чаму ўцякаюць бежанцы

|

Большасць мігрантаў – з афрыканскіх краін, Сірыі і Афганістана. Лідары Еўрасаюза ўжо назвалі гэтую сітуацыю найгоршым крызісам бежанцаў з часоў Другой сусветнай вайны, і кажуць пра неабходнасць доўгатэрміновай стратэгіі. Але ані стратэгіі, ані тактыкі супрацьдзеяння наплыву мігрантаў ЕС сёння прапанаваць не ў стане.

 

Карэспандэнт “Твайго стылю” сустрэўся з Ісмаілам, чалавекам які як ніхто іншы ведае пра справы бежанцаў у Сірыі і іншых краінах. Ужо 15 гадоў ён жыве ў Гродне. На Радзіме, у Сірыі, засталася маці і некалькі братоў, якія не збіраюцца пакідаць сваю радзіму.

– У нашай краіне ўсё пачалося ў 2011 годзе, калі народ выступіў супраць урада. Амерыканцы падтрымалі рэвалюцыю і паабяцалі нам дэмакратыю. Але дапамогі ад іх так і не было. З тых часоў краіна падзялілася на два лагеры: адны былі за прэзідэнта, іншыя супраць. Менавіта тады ў нас у краіне пайшоў падзел на сунітаў і шыітаў.


З усяго свету мусульмане ехалі ваяваць у Сірыю. Хтосьці ваяваў па волі сэрца, а хтосьцi ў выглядзе байцоў Ісламскай дзяржавы – за грошы. Людзі сталі пакідаць свае дамы, бо жыць у краіне было небяспечна. Калі ты малады, то ты павінен быў ісці ваяваць. Але многія не хацелі браць зброю і беглі ў суседнія краіны. Там адмовіліся прымаць сірыйскіх бежанцаў. Тады тысячы сірыйцаў сталі перасякаць мора і перасяляцца на еўрапейскі кантынент.


Зараў наш народ жыве ў вельмі складаных умовах. Яны не ведаюць, што будзе заўтра. Мая маці і браты не збіраюцца з’язджаць з краіны, хоць я іх і запрашаю. Я штомесяц ім дапамагаю. Але яны лічаць, што дзе нарадзіліся, там і павінны быць i памерці. Я лiчу, еўрапейцы павінны зразумець, што сірыйцам патрэбная дапамога. У першую чаргу людзі бягуць ад вайны, пры гэтым бягуць у невядомасць. На маленькіх чоўнах у адкрытым моры не кожны выжывае.

 

Па адзнаках агенцтва ААН па справах бежанцаў, каля 2500 мігрантаў загінулі з пачатку года, спрабуючы дасягнуць Еўропы. Але тыя, хто ступае на “белы” кантынент, ужо маюць выбар дзе і ў якой краіне прасіць прытулку.


– Беларусь вельмі добрая краіна, якая магла прыняць таксама частку бежанцаў з Сірыі. Ваш прэзідэнт вялікі, яму трэба ставіць помнік. Я прыехаў сюды ў канцы 90-х і памятаю горад, які выглядаў як вёска. А цяпер у вас усё квітнее, куды не паглядзі. Многія еўрапейцы называюць беларускага кіраўніка дыктатарам, але паверце мне, яны яшчэ не ведаюць, хто такі дыктатар. У Беларусі можна жыць і развівацца. У гэтым я ўжо упэўніўся.

 

У хуткім часе “Твой стыль” выйдзе ў горад і спытае ў гарадзенцаў: “Цi змаглi б вы прыняць у сябе бежанцаў з Афрыкі ці Блізкага Усходу?”

 

Здымак на галоўнай: The Telegraph