Трагедыя на Дзевятоўцы: старыя сябры кажуць, што падазраваны ў забойстве звязаўся з кепскай кампаніяй
На вуліцы Малышчынскай, дзе адбылася трагедыя, шматлюдна. Дзеці, як звычайна, гуляюць на вуліцы. Пра наступствы пажару нагадваюць толькі выламаныя дзверы, што стаяць на вуліцы, ды ўспаміны відавочцаў.
Міхаіл, сябар падазраванага ў забойстве, быў адным з першых, хто даведаўся пра пажар. Ён разам з суседзямі быў у пад’ездзе, калі адкрывалі кватэру.
– Спачатку на вуліцу выйшла наша суседка, якая стала крычаць, што гарыць адна з кватэр у доме. Мой бацька выглянуў у вакно і ўбачыў, як з верхняга паверху выходзіў чорны дым. Мы ўсе як адзін кінуліся да падпаленай кватэры, бо ведалі, што там жыве сям’я з дзецьмі.
За лічаныя хвіліны ў двары сабралася шмат людзей, якія назіралі за тым, што адбываецца. Хтосьці нават спрабаваў забегчы ў пад’езд і дапамагаць нам на паверсе. Але людзей там было звышдастаткова, так што ўсіх адсылалі ўніз. Сваімі сіламі дарослыя мужчыны выбілі дзверы і ўвайшлі ў кватэру. З іх словаў, яна ўся была ў дыме, а ў хуткім часе і пажарныя падаспелі, яны патушылі вагонь. Калі я ўвайшоў, то звярнуў увагу на тэлевізары якія літаральна пацяклі разам з пластмасавымі цацкамі.
Іншы хлапчук, якому ўдалося трапіць у кватэру, імя сваё не назваў, але пра падрабязнасці таго, што адбылося распавёў:
– Няхай пасадзяць яго. Мы ж з ім калісьці былі лепшымі сябрамі. Часта ў яго дома гулялі на камп’ютары. А пасля ён змяніўся. Звязаўся з нейкай незразумелай кампаніяй. Піць, паліць і на “стрэлкі” стаў хадзіць. З тых часоў з гэтым блатным я перастаў мець зносіны.
Калі я зайшоў у кватэру, то ўбачыў у пакоі на падушцы кроў. Хутчэй за ўсё, гэта была кроў яго маці. Хлопцы распавядаюць, што пасля скандалу Д. штурхнуў яе і яна стукнулася галавой аб кут стала. Далей ён яе занёс у пакой і, хутчэй за ўсё, некалькі разоў ударыў малатком па галаве. Пасля гэтага ён адправіўся ў пакой да малога і яго задушыў. Каб пазбавіцца доказаў, ён абліў маці гарэлкай і падпаліў кватэру, а сам уцёк. Чуткі ў нас па доме ходзяць розныя, але пра гэтую версію кажуць часцей за ўсё.
Да жанчыны, якая выжыла ў пажары, многія суседзі ўжо хадзілі ў бальніцу. Расказваюць пра тое, як яна прыйшла ў прытомнасць і ў яе пачалася істэрыка. Быццам бы, яе нават некалькі разоў прывязвалі, каб нічога з сабой не зрабіла. Зараз кажуць, маўляў, супакоілася і хоча абараніць сына.
Айчым падазраванага хлапчука кажа, што выгадаваў у хаце “змяю”. У Д. было ўсё што можа пажадаць сучасны падлетак: камп’ютар, тэлефон, ровар, грошы… Але чаму ён пайшоў на страшнае злачынства ніхто адказаць не можа. Былыя сябры падазраванага распавядаюць, што ўсё ж ён любіў сваіх брата і маму.
Самага малодшага сына ўжо пахавалі на могілках у Капцёўцы. Д. ўжо прывозілі следчыя і ён паказваў, што і як здзейсніў той ноччу. Пагаворваюць, быццам ён будзе мяняць свае паказанні, якiя даваў раней.
Зараз у двары, дзе адбылося здарэнне, бацькі баяцца адпускаць толькі маленькіх дзяцей на вуліцу, а вось старэйшым сталі дазваляць нашмат больш. Жыхары дома кажуць, што бацькі занепакоеныя і хочуць пазбегнуць падобных выпадкаў.