На Вішняўцы ўрачыста адкрылі новую школу №40. Па загаду Мясніковіча яе пабудавалі за год

|

Будаўнічыя працы на месцы новай навучальнай установы пачаліся восенню мінулага года, амаль адразу пасля візіту ў Гродна тагачаснага прэм’ер-міністра Міхаіла Мясніковіча, які даў абяцанне адкрыць школу да наступнага навучальнага году.

Як і абяцалі, школу афіцыйна адкрылі 1 верасня. Перад адкрыццём дзецям і настаўнікам сказалі цёплыя словы кіраўнікі горада і вобласці. Старшыня аблвыканкама Уладзімір Краўцоў адзначыў, што школа унікальная і стане прыкладам для пераймання. Адмысловым падарункам ад аблвыканкама сталі 500 мільёнаў рублёў на патрэбы школы.

Старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой дадаў, што школа была ў гэтым раёне проста неабходная: “Цяпер 1600 маладых гарадзенцаў будзе вучыцца ў новай, сучаснай школе. Для школьнікаў створаны ўсе ўмовы. Мы выдаткавалі шмат грошай на гэтую ўстанову і спадзяемся, што яе выпускнікі стануць выдатнымі людзьмі”.

Таксама старшыня гарвыканкама адзначыў, што школа стане новым культурна-спартыўным цэнтрам для Вішняўца. Зараз пасля працы бацькі разам са сваімі дзецьмі змогуць наведваць спартыўныя пляцоўкі, басейн, а таксама сучасную бібліятэку. Спецыяльным падарункам горада для школы, стаў лінгафонны кабінет.

 


 

У новым навучальным годзе ў школу №40 пайшлі вучыцца каля 1600 дзяцей. З іх 410 першакласнікаў (15 першых класаў). Дырэктар новай школы адзначыў, што навучальная ўстанова будзе дамагацца таго, каб ёй прысвоілі імя Героя Савецкага Саюза – Лебедзева Івана Данілавіча.