Падземны Гродна. Частка IV: Меркаваны падземны ход знайшлі пры пабудове гаража

Гарадзенскія гісторыкі практычна ўсе як адзін сцвярджаюць, што падземных хадоў у горадзе няма і тым больш пад Нёманам. Але нядаўна ў рэдакцыю “Твайго стылю” звярнуўся сведка, які распавёў цікавую гісторыю, звязаную з меркаваным падземным ходам:


– Жыву я ля Нёмана, і аднойчы мой сусед вырашыў перабудаваць свой дом. Калі пачалі капаць яму пад гараж, натыкнуліся на рэальны падземны ход, які вядзе пад Нёман. Я і некалькі рабочых назіралі ўнікальны праход, які шукаюць доўгія гады. Я аматар гісторыі, мне даводзілася неаднаразова чуць легенды пра хады пад Нёманам. Я заўсёды скептычна ставіўся да іх, але пасля ўбачанага рэальнага ходу, я зразумеў, што яны існуюць.


Усё як мае быць: цагляны мур, некалькі накладзеных адзін на аднаго чалавечых шкілетаў і цемра. Уключыўшы тэлефонны ліхтарык, было відаць, што ход вёў далёка. Але раптам прыйшоў сусед і сказаў: “Нельга пра яго нікому казаць, бо пачнуцца раскопкі і гараж так і не пабудуем”. Ён прымусіў мяне выдаіць некалькі знятых фота, якія маглі б быць доказамі існавання ходу. У той жа дзень унікальную знаходку сталі закопваць. Цяпер на месцы ходу ў мінулае, стаіць новы гараж. Можа, калі-небудзь сусед адумаецца і пакажа гарадзенцам унікальны падземны ход, які шукаюць доўгія гады.


Ці быў гэта рэальны падземны ход або звычайны стары падвал, мы, на жаль, пакуль не можам даведацца.

 

Часта гарадзенцы пры выяўленні на сваёй тэрыторыі старых падмуркаў нікому пра гэта не паведамляюць. Вядомы выпадак, калі на вуліцы Замкавай адзін з жыхароў мяняў у кватэры падлогу і наткнуўся на сапраўдны тунэль. Натуральна, ён не мог чакаць даследаванняў, таму хутка заклаў падлогу. Падобных гісторый хапае. Але толькі аб адзінках мы даведваемся праз некаторы час.

 

Нядаўна пачаліся работы на тэрыторыі былой памежнай часткі па вуліцы Горкага. Старажылы распавядаюць, што там маюцца цікавыя падземныя хады, дзе ў 1930-х гарадзенскія хлопцы знаходзілі унікальныя старыя рэчы.

 

Здымак мае ілюстрацыйны характар

 

Чытайце таксама:

 

Падземны Гродна. Частка I: Чарговае прывітанне з мінулага. 

Падземны Гродна. Частка II: маленькая крама з таямнічым месцам

Падземны Гродна. Частка III: Закладзеныя хады ў бок Савецкай плошчы