Ave, Caesar! Як гарадзенец Барыс стаў легіянерам Цітам Флавіем

Легіянер Ціт Флавій у жыцці звычайны сем’янін, якога завуць Барыс. Працуе будаўніком, а ў вольны час займаецца рэканструкцыяй Старажытнага Рыму.

 

Нетыповае захапленне пачалося з… салдацікаў. У дзяцінстве, як і любы хлапчук, Барыс любіў гуляць з мініацюрнымі жаўнерыкамі. Аднойчы на дзень нараджэння яму падарылі новую калекцыю, дзе былі легіянеры. З тых часоў і пачалася любоў да Старажытнасці. Сваё рымскае імя Барыс абраў выпадкова: яно яму найбольш запомнілася з прачытанай кнігі пра легіянераў.

 
– Цяпер у мяне ўжо вялікая калекцыя салдацікаў. З часам стаў збіраць розныя эпохі. Зараз лепшым падарункам для мяне застаюцца ўсё тыя ж салдацікі.

 

Акрамя алавяных войнаў, у легіянера дома ёсць вялікая калекцыя кніг аб Старажытным Рыме. Сам Ціт Флавій распавядае, што ў сталіцы сваёй Імперыі яшчэ не быў, але вельмі хоча туды патрапіць.

 

– Паехаць у Італію для мяне не праблема. Я думаю, што зраблю гэта ў хуткім часе. Скончу будаваць дом і адпраўлюся са сваёй сям’ёй у Рым.

 

Паколькі ў Беларусі практычна ніхто не займаецца Старажытным Рымам, гарадзенец далучыўся да легіянераў з Санкт-Пецярбурга.

 

– Пачаткова я быў у X руйнуючым легіёне, але пасля сышоў у V, дзе мяне пачалі ставіць у першыя шэрагі. Менавіта ў гэтых шэрагах і можна адчуць сапраўдную моц Рымскага легіёна. Пры рэканструкцыі бітваў бываюць розныя сітуацыі, дзесьцi пакалечаць, дзесьці зубы выб’юць. Паверце, гэта таго варта.


На апошніх выступах у Маскве ў нас быў практычна цэлы свой горад, зроблены пад рымскую эпоху. Сабралася шмат рэканструктараў і гледачоў. Прыезджыя ацанілі нашу падрыхтоўку і амуніцыю. А праваахоўнікі – супрацоўнікі АМАПу – сказалі, што ў іх сёння такая ж падрыхтоўка як і ў нас: чарапаха, флангі, забяганьне і г.д.

 

Літаральна праз некалькі дзён V легіён адправіцца ў Крым на паказальныя баі ля сцен крэпасці Херсанэса. Але гарадзенскі легіянер Цiт Флавій не зможа дапамагчы сваім.

– Хоць нам і аплачваюць усе выдаткі на ўсе турніры і імпрэзы, але часта ездзіць не магу. Я ўсё ж павінен думаць і пра сваю сям’ю. Я дом будую і пакуль яшчэ добрае надвор’е планую зрабіць па максімуму.

 

Жонка Таццяна паважае выбар мужа і ва ўсім яго падтрымлівае.

 

– Я толькі вітаю гэта. Ён заўсёды марыў быць сапраўдным легіянерам. У выніку ўсяго дамогся сам: сшыў форму, зрабіў даспехі. У нас і дачка Аліса падрастае, у яе ўжо таксама ёсць свой касцюм. Спадзяюся, у хуткім часе мы ўсёй сям’ёй адправімся на чарговую рэканструкцыю. Ёсць, вядома, і мінус: легіянеры жывуць асобна і жанчын да іх не пускаюць.

Барыс распавядае, што ўся форма з даспехамі і амуніцыяй важыць каля 30 кілаграм. Цана ўсяго гэтага дабра складае каля 2,5 тысяч долараў.

 

– Я ж займаўся раней асобна і купляў у іншых месцах, якія толькі наварваюцца на рэканструктарах. У выніку пераплаціў практычна ў два разы. Зараз у нас у клубе ўвесь камплект легіянера можна набыць за 1000 долараў.

 

Цiт Флавiй заклікае і іншых гарадзенцаў займацца рэканструкцыяй Старажытнага Рыму. Але адзначае, што ўсіх не бяруць. Чалавек павінен быць у першую чаргу легіянерам у душы.