Змены пачынаюцца з сябе: моладзевы абмен у Нямеччыне

Чаму гэты абмен і гэтая тэмы былі такімі актуальнымі для ўдзельнікаў? Адказ просты: нам усім часам патрэбны адпачынак, а дакладней – жыццё без тэлефонаў, якія барабаняць і ў дзень і ўночы; без камп’ютара, які становіцца жыццёвай неабходнасцю; без інтэрнэта, такога, здаецца, незамяняльнага і патрэбнага. А падчас удзелу ў праекце  “Back to the nature” маладзёны разам з арганізатарамі жылі ў намётах цягам дзесяці дзён, харчаваліся экалагічнай ежай, займаліся фізічным і разумовым удасканаленнем. Таму дэвайсы тут,  відавочна, былі лішнімі.

 

…Германія прыняла бесперапынным дажджом. І тыя, хто не ўзяў з сабой цёплых швэдраў і дажджавікоў, аптымістычна спадзяючыся на нязменна добрае надвор’е, зрабілі вялікую памылку. Аднак жа нас гэта не моцна палохала – як толькі мы прыехалі ў кемпінг, дзе жылі першыя некалькі дзён, тут жа пайшлі купацца ў возеры, не зважаючы на цёмнае неба, якое ўвесь час пагражала заліць і нас, і нашыя намёты. З апошнім, дарэчы, мы сутыкнуліся ўжо ў першую ноч. Далей было прасцей – надвор’е пераменлівае, то дождж, то сонца.

 

І панеслася: кожны новы дзень – новыя актыўнасці, ворк-шопы, гульні. Пяцідзесяці чалавекам з сямі краін было што сказаць і чым падзяліцца адно з адным. І самая актуальная тэма – нашая планета. Як мы яе разбураем і як перастаць гэта рабіць? Што можа КОЖНЫ (!) з нас зрабіць, каб хоць  крыху палепшыць сітуацыю? Таюць ляднікі, знікаюць праз бесперапынную вырубку лясы, мяльчэюць рэкі, азёры, моры і вадасховішчы – на фотаздымкі (а іх безліч у сеціве), якія адлюстроўваюць гэтыя жудасныя з’явы, цяжка глядзець. І яшчэ цяжэй – быць абыякавым, таму хочацца шукаць рашэнні.

Самым, бадай, запамінальным заняткам для ўдзельнікаў стала праходжанне паласы перашкод і лазанне па дрэвах у адмысловым парку. Розныя па цяжкасці трасы на розныя фізічныя магчымасці, інструктары, каторыя, як на футбольным полі, могуць даць жоўтую картку за неасцярожнасць падчас праходжанне трасы, возера, над якім па тросе праносішся і аж дух захапляе – мы ўражваліся і атрымлівалі асалоду па поўнай. А самае важнае – перамагалі сябе! Ды каб я калі-небудзь падумала, што закарабкаюся на высачэннае дрэва, а потым скокну з яго (са страхоўкай, вядома) – ды нізашто… раней. А так – змагла! Кожны змог, пераадольваючы ўнутраныя страхі, распальваючы ў сабе агонь і матывацыю.

Яшчэ адно моцнае, карыснае і запамінальнае падчас праекта – пакатушкі на роварах. Мы праехалі вялікай групай 45 км да Паўночнага мора. Хтосьці зрабіў гэта з лёгкасцю, камусьці было цяжэй. Аднак жа для ўсіх паездка была добрай магчымасцю палюбавацца краявідамі Германіі, даведацца, як жывуць людзі, і, безумоўна і найперш, праверыць сябе. Перад пачаткам роварнага трыпу каманда беларускіх удзельнікаў правяла цікавы ворк-шоп, распавядаючы, як падрыхтаваць свайго двухколага сябра да паездкі, як правільна сядзець на ім, каб не нашкодзіць здароўю. Дарэчы, да кропкі назначэння даехалі ўсе.

 

Апроч таго, удзельнікам абмена давялося наведаць малочны завод і, да вялікага задавальнення многіх, прадэгуставаць яго смачную прадукцыю. Цяпер кожны з нас ведае, праз якія этапы праходзяць сыры, малако, кефір перад тым, як трапіць на нашыя сталы.

Атмасферна, па-душэўнаму і са своеасаблівым каларытам кожнай краіны праходзілі вечарыны-прэзентацыі. Прадстаўнікі кожнай краіны прэзентавалі сябе, сваю культуру, частавалі нацыянальнымі стравамі ды напоямі, распавядалі пра асаблівасці стасункаў, танчылі, спявалі… Карацей, імкнуліся як мага больш насычана і ярка распавесці пра сваю Радзіму.

 

Ооо, якія, напрыклад, неверагодныя грузіны ў сваіх энергечных, рухавых танцах! Яны не проста танцуюць асобнымі часткамі цела – яны танцуюць нават тварам. Кожны рух і крок адбіваецца ў вачах, бровы прыгаюць то ўверх, то ўніз. Падчас гэтых прэзентацый у думках пераносішся ў тую ці іншую краіну. Можна на хвілінку заплюшчыць вочы, услухацца ў традыцыйную музыку альбо мову яе жыхароў і ўяўляць, што ты там.

Гэты абмен стаў крыніцай натхнення для нас, удзельнікаў. Выйсці па-за зону камфорта, уліцца ў вялікую, абсалютна новую кампанію людзей з розных краін – гэта неацэнны досвед для кожнага. А самае важнае – прымусіць сябе задумацца над па-сапраўднаму важнымі рэчамі. Ці можам мы змяніць экалагічнае становішча ў свеце? Можам. Пачаўшы з сябе.

 

А ты як лічыш?

Фота аўтара і Андрэя Маталыгі