У Гродне раскажуць пра правы чалавека ў нясумным фармаце

|

Што такое правы чалавека? Хто такія праваабаронцы? Чым займаюцца праваабарончыя арганізацыі? Чым яны могуць быць карысныя менавіта вам?

 

Праз недахоп інфармацыі ў грамадстве існуе шмат стэрэатыпаў наконт гэтай прафесійнай супольнасці. А што сапраўды стаіць за словазлучэннямі “правы чалавека” і “праваабарончая дзейнасць”? Задумваліся вы над гэтым раней ці не – у вас будзе магчымасць задаць свае пытанні непасрэдна прадстаўнікам праваабарончых арганізацый і ініцыятыў, якія працуюць як у Гродне, так і па ўсёй Беларусі, і зрабіць уласныя высновы. Таксама вы зможаце атрымаць ад экспертаў парады наконт сітуацый, якія, магчыма, падаюцца невырашальнымі.

 

На “Жывыя размовы” з вамі збяруцца прадстаўнікі такіх арганізацыяў як Беларускі Хельсінкскі Камітэт, Беларуская асацыяцыя журналістаў, Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Праваабарончы цэнтр “Ідэнтычнасць”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, зааабарончая ініцыятыва “Лапа закона”, моладзевая прафсаюзная група “Студэнцкая Рада” і Міжнародны праваабарончы рух у Беларусі.

 

Падчас “Жывых размоваў” будзе працаваць выстава-“сушка” паштовак серыі “Дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы” Вольгі Бабурынай. Народная мастачка арыгінальным чынам увасобіла 30 артыкулаў Дэкларацыі, якія распавядаюць пра агульначалавечыя каштоўнасці.


Мерапрыемства пройдзе ў нядзелю, 13 верасня, з 15.00 да 18.00 па адрасе: вул. Будзёнага, 48а. Далучыцца можна будзе ў любы момант, не абавязкова паспяваць да пачатку. Уваход – вольны.