Чарговая перамога “Нёмана” і чаму Голань незадаволены легіянерамі
Трэці тур і трэцяя перамога. На гэты раз пад разгром гарадзенцаў патрапілі хакеісты з “Дынама-Бабруйск”. Усе пяць шайбаў гаспадарам былі закінутыя “Нёманам” пры роўнай гульні.
У складзе гарадзенцаў дублем адзначыўся лідар каманды Вячаслаў Лісічкін, а таксама вызначыліся Даніэль Сэман, Ягор Сцяпанаў і Аляксандр Маляўка.
“Дынама-Бабруйск” – “Нёман” 0: 5 (0: 2, 0: 1, 0: 2)
03.43 0: 1 – Сэман (Ластавецкі, Міхайлаў)
17.47 0: 2 – Лісічкін (Дадонаў, Баярчук)
36.27 0: 3 – Лісічкін (Дадонаў, Коршунаў)
46.18 0: 4 – Сцяпанаў (А. Маляўка, Куцэвіч)
59.23 0: 5 – А. Маляўка (Баярчук, С. Маляўка)
35.44 Мікулік (“Нёман”) не рэалізаваў буліт
Такім чынам, “Нёман” атрымлівае трэцюю перамогу запар, закінуўшы ў агульнай суме 17 шайбаў.
Але пасля гульні ў Бабруйску, галоўны трэнер гарадзенцаў Мiлаш Голань заявіў, што яго турбуе гульня легіянераў:
– Тры гульні на выездзе, дзевяць ачкоў. Я застаўся задаволены праведзенай працай у сённяшнім матчы. Мы далі шанец Яну Шэляпнёву, і ён адыграў выдатна. Ёсць толькі адзін мінус у матчы з “Дынама”, гэта гульня тройкі легіянераў. Я даваў ім час, яны не закідвалі, гулялі не вельмі добра. Трэба падумаць, што рабіць далей.
Цікава, чым незадаволены галоўны трэнер гарадзенскай каманды. Мыгчыма, незакінутым булітам Мікуліка i і безгалявой серыяй форвардаў. Але варта адзначыць: трэцяя гульня, трэцяя перамога і чатыры шайбы на рахунку легіянераў (Складаны 2, Мікулік 1, Сэман 1). Гэта з 17 закінутых шайбаў “Нёманам”. Вынік ёсць, але за такія грошы, якiя атрымлiваюць легiянеры, Голань у праве патрабаваць больш. У хуткім часе, мы даведаемся што ён прыдумаў для iх.
А наперадзе ў гарадзенцаў чатыры сур’ёзных хатніх матчу.
17 верасня “Нёман” – “Гомель”
19 верасня “Нёман” – “Металург”
24 верасня “Нёман” – “Юнацтва”
26 верасня “Нёман” – “Брэст”
Фота: hcdinamo.by