Маладыя цырульнікі з LMK: “Для нас галоўнае якасць, а не колькасць”

Перад тым, як адкрыць цырульню, вучылася ў Стакгольме і Маскве

 

Студыя LMK (LMK Creative Hair Dress Art Studio) існуе ў Гродне з 2012 года. Уладальнікам цікавай ўстановы з’яўляецца незвычайная дзяўчына Лера, якая пасля гадоў вучобы вырашыла адкрыць уласны салон.

 

Як распавядае гаспадыня, першапачаткова яна вучылася ў Польшчы зусім на іншую спецыяльнасць. Праз некаторы час Лера зразумела, што мэнэджмент “гэта не яе” і яна стала сур’ёзна займацца любімай справай – стрыжкамі і фрызурамі.

– Маё навучанне пачалося са школы Алёны Фёдаравай, уласна потым я і працавала ў іх камандзе. Далей былі розныя конкурсы і семінары. Але я разумела, што мне хочацца чагосьці свайго. Так я паехала вучыцца ў Стакгольм, а пасля ў Маскву. І ўжо пасля ўсіх гэтых трэнінгаў я вырашыла адкрыць свой салон.

 

У 2012 годзе разам з Лерай ў новым салоне стаў працаваць і яе добры сябар Сяргей, які таксама паспеў да таго моманту прайсці некалькі сур’ёзных трэнінгаў як у Беларусі, так і ў Швецыі.


Рэкламу робяць самі кліенты


– Унікальнасць нашага салона ў якасці. Мала хто з гарадзенскіх цырульнікаў можа так прафесійна працаваць з кліентам як мы. Яшчэ ні разу ніхто з салона не выходзіў з незадаволеным тварам. Калі трэба, мы суткі патрацім, але гэта будзе якасна, і пры гэтым больш прызначанай сумы не возьмем, – запэўнівае Сяргей.

 

Студыя LMK ніколі не афішавала і не рэкламавала сябе. Усе кліенты з’явіліся дзякуючы “сарафаннаму радыё”.

 

– У нас няма рэкламы. Усе ідуць адзін ад аднаго. Давялося і такое пачуць, што некаторыя кліенты нават не кажуць сваім сябрам дзе стрыгуцца. Не хочуць, каб іншыя выглядалі таксама добра, – распавядае Лера

 

Салон не можа пахваліцца нізкімі коштамі. Кліенты ў іх зусім розныя: ёсць і паспяховых людзей, і звычайныя студэнты.

 

Не праца, а сэнс жыцця

 

Папрацаваўшы ў розных краінах, Лера адзначае, што ў Беларусі кліенты вельмі патрабавальныя:

 

– Нават калі параўноўваць беларусаў і шведаў, то ёсць істотныя адрозненні. Як на Захадзе, так і ў скандынаўскіх краінах, большасць хлопцаў сочаць за сваёй прычоскай пры дапамозе ўкладкі і геля. Ды і стаўленне ў іх там да ўсяго крэатыўнае: як зробяць, так і будзе. У нашай краіне аддаюць большую перавагу класіцы. Але калі чалавеку зрабіць стыльную прычоску, то, на жаль, ён з ёй і праходзіць цэлы месяц, пры гэтым не будзе ўкладваць гелем.

 

Яшчэ літаральна год таму салон запрашаў маладых спецыялістаў да супрацоўніцтва, але, як распавядае Лера, жадаючых не знайшлося:

 

– Былі тыя, хто прыходзіў да нас на стажыроўку. Але для іх гэта была проста праца, а не сэнс жыцця. Але потым у нашай камандзе ўсё ж адбылося папаўненне: да нас далучыўся мой муж Віталь.

 

Моду на жаночыя фрызуры прадбачыць складана

 

– Як і ўсюды ў нашай краіне, умовы для развіцця бізнесу пакідаюць жадаць лепшага. Нашы планы на будучыню – перабазавацца ў Еўропу і там заявіць пра сябе. Магу шчыра сказаць – канкурэнцыі не баімся, – кажа Лера.

 

Таксама майстры адзначаюць, што існуючая мода на хiпстэрскiя прычоскі ў мужчын будзе доўжыцца яшчэ каля двух гадоў. У Еўропе, дарэчы, ужо вяртаецца мода на падоўжаныя прычоскі і на клёшы. У Беларусь яна прыйдзе праз некалькі гадоў. Але, дзякуючы развіццю інтэрнэту, усё можа прыйсьці і значна раней. А вось у жаночых фрызурах усё складаней, іх моду цяжэй за ўсё прадбачыць.