“Тэма правоў чалавека ўсё яшчэ непапулярная”. У Гродне прайшлі “Жывыя размовы” з праваабаронцамі

Гродна стаў першым абласным цэнтрам, дзе 13 верасня правялі сустрэчу па фармаце “жывых бібліятэк”. Гэта значыць, каля кожнага праваабаронцы збіраецца кола цікаўных і ён знаёміць іх са сваёй дзейнасцю падчас адной сесіі. Усяго на сустрэчы правялі пяць сесій па 20 хвілін.

 

Мэта праекта – знаёмства жыхароў рэгіёнаў з дзейнасцю праваабарончых арганізацый. У сталіцы гэтыя арганізацыі працуюць больш актыўна і пра іх ведае больш людзей.

 

“У беларускай праваабарончай сферы шмат стэрэатыпаў, якія транслююцца ў тым ліку і праз дзяржаўныя СМІ. Не кожны нават адкажа, што такое правы чалавека”, – тлумачыць каардынатар праекта Ірына Пракопчык.

На сустрэчы былі прадстаўнікі як мінскіх, так і гродзенскіх арганізацый: Беларускага Хельсінскага Камітэта, Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Праваабарончага цэнтру “Ідэнтычнасць”, Цэнтру прававой трансфармацыі Lawtrend, зааабарончай ініцыятывы “Лапа закону”, моладзевай прафсаюзнай групы “Студэнцкая Рада” і Міжнароднага праваабарончага руху ў Беларусі. З іх аддзяленні ў Гродне маюць толькі БХК і “Вясна”.

Вялікую цікавасць і гарачую дыскусію выклікала дзейнасць цэнтра “Ідэнтычнасць”. Арганізацыя аказвае прававую і псіхалагічную дапамогу прадстаўнікам ЛГБТ-супольнасці. Гарадзенцы звярнулі мала ўвагі на непасрэдную дзейнасць арганізацыі, а распытвалі пра свядомасць людзей з нетрадыцыйнай арыентацыяй. Часцей за ўсё ў “Ідэнтычнасць” звяртаюцца пасля збіцця і ў сувязі з непаразуменнем з блізкімі.

Цікавай дзейнасцю займаецца ініцыятыва “Лапа закону”. Праваабаронцы-валанцёры ахоўваюць правы жывел: займаюцца прававой адукацыяй у гэтай сферы, працуюць з выпадкамі парушэння правіл адлова і кансультуюць гаспадароў жывёл па асобных пытаннях.

“Тэма правоў чалавека застаецца непапулярнай. Нас яшчэ чакае шмат агульнай працы па прасоўванні правоў чалавека”, – кажа Ірына.

 

Падчас сустрэчы працавала выстава паштовак Вольгі Бабурынай “Дэкларацыя правоў чалавека ў выцінанцы”. Кожная паштоўка ўвасабляе адзін з 30 артыкулаў Дэкларацыі. Паштоўкі, якія спадабаліся, можна было ўзяць з сабой.