Курсы “Мова Нанова Гародня” распачалі новы сезон
Заняткі для дзяцей праходзяць звыкла па панядзелках, але на гадзіну раней. На першую сустрэчу прыйшло каля дваццаці дзяцей. Для іх падрыхтавалі адмысловыя практыкаванні і хатнія заданні.
Дарослыя на адкрыцці збольшага адпачывалі. Яны ў цікавай форме абмяркавалі з выкладчыкамі тэму “Як я правёў лета”, а пасля пайшлі слухаць гурт Shuma.
І дарослыя, і дзеці маглі пакінуць свой “след” у гісторыі “Мова Нанова”: можна было нанесці на далонь фарбу і дакрануцца да палатна ці проста абвесці руку маркерам. Наведвальнікі таксама напісалі шмат добрых пажаданняў курсам.
Курсы “Мова Нанова” – бясплатныя курсы беларускай мовы. У Гродне існуюць з сакавіка 2014 года. Выкладанне вядзецца ў лёгкай інтэрактыўнай форме. Курсы праходзяць па панядзелках і збіраюць вялікую колькасць людзей з розным узроўнем валодання мовай.