Не бізнес, а хобі. У Аграрным паказалі “Вінаград-2015”
Тут кожны госць можна азнаёміцца з размаітымі сартамі вінаграду, які зараз вырошчваецца на Гарадзеншчыне, пакаштаваць продукт, а пры жаданні і прыдбаць саджанцы. Удзел у выставе бяруць садаводы і прадпрымальнікі з нашага рэгіёну.
Для сям’і Камаровых вырошчванне вінаграду не столькі бізнес, колькі хобі на пенсіі:
– Мы гэтым займаемся ўжо 14 год, яшчэ як жылі ў Мінску, – распавядае Людміла Камарова. – З большага вінаград ідзе да стала, нешта таксама на сок, нешта на віно. З суседзямі заўжды дзелімся саджанцамі ды ўраджаем.
Людміла Камарова (вышэй) і Мікалай Камароў (ніжэй)
Са словаў Людмілы, нават экзатычныя паўднёвыя гатункі вінаграду ў нашых умовах могуць сябе выдатна адчуваць ды даваць годны ўраджай. Калі, канешне, сачыць за імі належным чынам: укрываць на зіму, падгадоўваць угнаеннямі.
– Ці робім бізнес з гэтага? – у голасе Людмілы гучаць ноткі іроніі. – Ды які тут бізнес? Саджанцы зараз па 80 тысяч прадаем, часам муж на рынак нешта возіць – і тое ж не заўжды прадасць.
Сёлетняя выстава ўжо не першая ў шэрагу. Такім чынам універсітэт папулярызуе сельскагаспадарчую галіну, якая за савецкім часам лічылася ў Беларусі неперспектыўнай і толькі зараз набірае абароты. Выстава-кірмаш будзе праходзіць 17-18 верасня.
Фота Вольгі Мілавай