Пятнічнае. У Гродне з’явіліся веганы-вандалы, якія мазюкаюць на сценах
Пазначанымі апынуліся ўжо некалькі месцаў у цэнтры горада. Вандалы, якія змагаюцца супраць спажывання мяса, пакідаюць пасля сябе подпіс “go vegan”, што азначае “станавіся веганам” або “наперад веганы”.
Веганы – строгія вегетарыянцы, якія выключаюць са свайго рацыёну ўсе прадукты жывёльнага паходжання, уключаючы мяса, рыбу, яйкі, малако, малочныя прадукты і часам мёд. Веганы не выкарыстоўваюць мех і скуру жывёл, выступаюць супраць забойства жывёл дзеля даследаванняў і забаў.
Таццяна, якая ўжо трэці год з’яўляецца веганам, кажа, што ад такіх дзеянняў нічога не зменіцца:
– Калі яны хочуць выступаць супраць мяса, яны павінны праводзіць нармальныя тлумачальныя акцыі. Напрыклад, “хруша не хоча быць салам” і г.д. Ад звычайных надпісаў нічога не зменіцца. Трэба дзейнічаць больш сур’ёзна.
Напрыклад у краінах Захаду рэгулярна праходзяць акцыі ў падтрымку жывёл. У іх разам з веганамi удзельнічаюць і розныя знакамітасці.
А вось гарадзенец Іван лічыць, што веганы – забойцы, бо іх віна ў знікненні трапічных лясоў відавочная:
– Толькі бязлітасная барацьба з гародніна- і садавінаедамi можа спыніць рост азонавых дзірак, глабальнае пацяпленне і іншае. Усе глабальныя і вельмі важныя працэсы, якія адбываюцца вакол нас. З’еў яблык – забіў дрэва. Не веганам! – кажа ён з сур’ёзным тварам, але як нам падаецца, жартам.
Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звязаліся з адной з самых вядомых вегетарыянак горада Юліяй.
– Нi крытыкаваць, ні абараняць я нікога не буду ў дадзеным выпадку. З надпісам згодная, бо сама не ўжываю мяса ўжо каля 14 гадоў. Калі ацаніць яе мастацкасць, то па-мойму яна цалкам ўпісалася ў каляровае афармленне лавачкі.
А як лічыце вы: ці псуюць такія надпісы гарадскую прастору і ці могуць паўплываць на спажыванне мяса ў грамадстве?