Рэгбіст – не монстр на стэроідах. У Гродне адраджаюць рэгбі
Рэгбi – кантактны камандны від спорту, які ўзнік у XIX стагоддзі ў Англіі. Мэта гульні – перадаючы мяч адзін аднаму рукамі (толькі назад) ці нагамі (у любым кірунку), прызямліць яго ў заліковым полi або забіць у вароты суперніка, за што камандзе налічваюцца ачкі.
Пачался з падарунку
У Гродне гэты від спорту стаў адраджацца ў 2010 годзе, калі сябру цяперашняга трэнера Уладу маскоўскі прыяцель-рэгбiст падарыў мяч авальнай формы.
– З таго моманту мы з сябрамі пачалі збірацца па выхадных і гуляць. Праўда, нашы правілы гульні абмяжоўваліся толькі тым, што пас рукамі можна было аддаваць назад, нагой можна згуляць у любым кірунку, а тое, у што мы гулялі, было цяжка назваць “рэгбі”. Ніякага развіцця гульнявой працэс не атрымліваў, таму неўзабаве ўсе вырашылі спыніць трэніроўкі.
Праз пяць гадоў з Уладам звязаўся калега і прапанаваў паспрабаваць зноў стварыць каманду ў Гродне.
– Мы арганізавалі ў Гродне семінар па рэгбі, які праводзіў трэнер з Брэста. Рабілі для таго, каб даведацца, ці ёсць у гараджан зацікаўленасць. На жаль, у той дзень на трэніроўку прыйшло мала людзей. Каля 10 былі зацікаўлены ў далейшых трэніроўках. Менавіта яны і працягнулі развіваць рэгбі ў Гродне. З тых часоў мы збіраемся два разы на тыдзень і спрабуем стаць хутчэй, спрытней і мацней.
Праблема – знайсці стадыён
Асноўная праблема маладой каманды – адсутнасць сталага трэніровачнага поля. Паколькі яны яшчэ ўсе аматары, у іх перыядычна ўзнікаюць праблемы з недахопам людзей.
– Як высветлілася, у Гродне цяжка знайсці стадыён, на якім можна спакойна гуляць і цябе ніхто не прагоніць. Увесь працэс трэніроўкі мы бярэм з інтэрнэту або ад мінскіх калег, якія зрэдку прыязджаюць да нас, каб правесці невялікі семінар. Каб праводзіць паўнавартасныя трэніроўкі нам не хапае інвентара, які каштуе немалых грошай. Але гэта не значыць, што мы стаім на месцы. Пытанні паступова вырашаюцца і я ўпэўнены, што хутка ў Гродне з’явіцца цалкам канкурэнтаздольная каманда.
У рэгбі не больш траўмаў, чым у футболе ці хакеі
Сярэдні ўзрост гульцоў – каля 25 гадоў. У асноўным гэта людзі, якія працуюць пяць дзён у тыдзень, а на выходныя прыходзяць прыемна правесці час у кампаніі аднадумцаў і пагуляць ва ўлюбёную гульню. Аднак, трэніроўкі наведваюць і школьнікі, і людзі пенсійнага ўзросту.
– У большасці аматараў спорту пра рэгбі склаўся стэрэатып, што гэта жорсткі, грубы і траўманебяспечны спорт, але гэта толькі ілюзіі, рэгбі не больш небяспечны, чым футбол ці хоккей. Таксама людзі лічаць, што тыповы рэгбіст гэта монстар на стэройдах, галоўная мэта якога – нанесці траўму суперніку. Безумоўна, моладзь гэта палохае. Але на самай справе ў рэгбі існуе вельмі шмат правілаў, накіраваныя на тое, каб пазбегнуць жорсткіх пашкоджанняў. Напрыклад, нельга атакаваць гульца, якi не валодае мячом, або рабіць захоп вышэй лініі плячэй.
У гарадзенскай камандзе ёсць і ветэран, які гуляў у свой час у чэмпіянаце СССР. Юрый распавядае, што і цяпер ён з задавальненнем бегае з маладой камандай і дзеліцца сваім вопытам.
– Мне давялося пагуляць у 1980-х гадах за калінінградскі “Буравеснік”. Раней многім людзям падабаўся гэты від спорту. Я магу смела сказаць, што ён вельмі падыходзіць беларусам. У той час, калі я гуляў у Калінінградзе, толькі нашы і гулялі ў рэгбi. Усё таму, што мы былі заўсёды фізічна дужыя. Цяперашняя каманда, якая фарміруецца ў Гродне, на мой погляд мае будучыню. Гэты від спорту ўжо алімпійскі. Амаль у кожнай вобласці гуляюць у рэгбi. У хуткім часе і наш выканаўчы камітэт вымушаны будзе звярнуць увагу на новую каманду.
У рэгбі гуляюць не толькі ў адпаведнасці, але і ў духу правілаў гульні. Праз дысцыпліну, кантроль і ўзаемапавагу выкоўваюцца братэрства і пачуццё справядлівасці, якія вызначаюць рэгбі як гульню. Нездарма рэгбі называюць джэнтльменскай гульнёй. У многіх людзей складаецца меркаванне, што з яго фізічнымі дадзенымі лепш заняцца менш кантактным выглядам спорту. Аднак унікальным чынам кожная пазіцыя патрабуе рознага набору фізічных і тэхнічных паказчыкаў, і менавіта гэта разнастайнасць робіць гульню даступнай для ўсіх.
Зробяць усё, каб рэгбі ў Гродне развіваўся
Зараз у Гродне ідзе праца па стварэнні афіцыйнага рэгбійнага клуба. Улад распавядае, што гэта дазволіць ім атрымаць пастаяннае поле для трэніровак. У бліжэйшы час яны плануюць праверыць свае сілы ў таварыскіх гульнях з іншымі камандамі.
– У 2009 годзе Рэгбі-7 было ўключана ў праграму Алімпіяд, і зараз па праву гэты спорт можа называцца алімпійскім. Магчыма, гэты факт прыцягне ўвагу, і ўлады нашага горада дапамогуць развіццю рэгбі ў Гродне. Прама цяпер у Англіі і Уэльсе праходзіць самая значная падзея ў гэтым відзе спорту, а менавіта Кубак свету. Гульні трансліруюцца і ў Беларусі, таму мы вельмі спадзяемся, што хто-небудзь не застанецца абыякавым пасля прагляду.
У рэгбі гуляюць ужо амаль 200 гадоў, гэтая гульня з’яўляецца адной з самых папулярных у свеце. Колькасць прыхільнікаў гэтага спорту пастаянна расце. Ці ёсць будучыня ў рэгбі ў Гродне? Хлопцам цяжка адказаць на гэтае пытанне, але яны дакладна ведаюць, што будуць рабіць усё магчымае, каб рэгбі ў Гродне развіваўся.