Цягніка Варшава-Гродна не будзе. Кузніца-Гродна таксама можа знікнуць
Прадпрыемства Przewozy Regionalne, якое забяспечвае чыгуначнае спалучэнне Гродна з Польшай, паведаміла, што міністэрства не збіраецца ў наступны годзе дапамагаць грашыма маршрутам Малкіня-Гродна і Элк-Гродна. Такім чынам, гэта можа цалкам спыніць чыгуначны рух у Брузгах-Кузніцы.
Яшчэ нядаўна польскі бок абяцаў, што са снежня цягнікі з Малкіні і Элка ліквідуюць, а на іх месца прыйдзе зручны цягнік Варшава-Гродна. Але сёння вядома, што чакаць на яго ўжо не выпадае. Без дапамогі міністэрства запусціць маршрут не атрымаецца, а міністэрства кажа, што не мае на яго падтрымку грошай, патлумачыў прэс-сакратар Przewozy Regionalne Міхал Стыльгер.
Запускаць цягнік, які вымушаны будзе цалкам акупаць сябе за кошт прададзеных білетаў, прадпрыемства не хоча. Справа ў тым, што ў PR наогул няма камерцыйна паспяховых маршрутаў – усе рэгіянальныя цягнікі Польшчы не зарабляюць самі на сваё ўтрыманне, а кожны маршрут залежыць выключна ад дзяржаўных датацый. Сённяшнія цягнікі, што спалучаюць Гродна з Кузніца, Беластокам, Элкам і Малкіняй таксама былі б стратнымі без грошай з Варшавы.
Адзіны шанец у такім выпадку захаваць чыгуначнае спалучэнне – атрымаць дапамогу ад маршалкоўскай управы Падляшскага ваяводства. Przewozy Regionalne ўжо даслалі адпаведны ліст мясцовым уладам. Зрэшты, паводле закону, менавіта рэгіянальнае самакіраванне павінна дбаць пра прыгранічныя спалучэнні.
Калі ж нічога не атрымаецца, то гэта будзе другі за апошнія гады выпадак ліквідацыі памежнага маршруту. Мінулым разам такое здарылася ў снежні 2011 году з цягніком Чаромха-Высокалітоўск. Аднак там цягнік не меў такога значэння для мясцовых жыхароў, як у Гродне.
У мінулыя гады пагроза ліквідацыі цягніка Гродна-Кузніца мела месца неаднаразова. Аднак заўсёды ўдавалася знайсці грошы – часам у міністэрстве, часам у ваяводстве.