Дзень без аўтамабіля: Яшчэ ёсць магчымасць перасесці на ровар і атрымаць садавіну
Такім чынам арганізатары акцыі хацелі аддзячыць тым гараджанам, якія выбралі “зялёны” транспарт у гэты дзень і палепшылі не толькі сваё здароўе, але і спрыялі зніжэнню розных таксічных выкідаў у навакольнае асяроддзе. Акцыя адбылася пры падтрымцы Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск).
Веласіпедыстаў, якія карыстаюцца роварам для паездак на працу або вучобу, не вельмі шмат, аднак яны з’яўляюцца добрым прыкладам для іншых жыхароў горада.
Ранiцай за дзве гадзіны актывісты раздалі каля 20 кілаграм садавіны сотне гарадзенцаў.
align=”” width=”725″ height=”544″ >
Падчас акцыі веласіпедыстам таксама распавядалі аб правілах ветлівай язды і паводзінах на дарозе.
– Асноўная праблема веласіпедыстаў ў Гродне – гэта рух у цёмны час сутак. Не ўсе належным чынам абазначаюць сябе. Але тым не менш сітуацыя з веласіпедным транспартам у Гродне прыкметна паляпшаецца, – распавёў начальнік аддзялення агітацыі і прапаганды ДАІ Андрэй Цыдзік.
У большасці веласіпедыстаў, якія спынілася, было не шмат часу на размову, але ад кароткіх каментарыяў яны не адмаўляліся.
Андрэй: “Я кожны дзень карыстаюся транспартам. Гэта экалагічна чыста і карысна для здароўя. Буду катацца, пакуль не пойдзе снег. Пра акцыю “Дзень без аўтамабіля” ведаў, а вось пра садавіну не. Калі будуць часцей так раздаваць, то з задавальненнем падцягну і сваіх сяброў”.
Віталь: “Для мяне ровар служыць транспартам, каб патрапіць на працу. А таксама для язды па горадзе і па бліжэйшых турыстычным аб’ектах”.
Дар’я: “Клас, крута! Дзякуй за акцыю. Мне прыемна, што мой любімы горад не адстае ад усяго свету. Калі будзе больш такіх акцый, я ўпэўненая, што гродзенцы перасядуць на двухколавы транспарт”.
Актывісты абяцаюць, што акцыя працягнецца яшчэ ў 17 гадзін, таму ў веласіпедыстаў будзе яшчэ магчымасць атрымаць сваю порцыю смачнай садавіны.
Нагадаем, першы “Дзень без аўтамабіля” прайшоў у Беларусі ў 2008 годзе. У 2011 годзе падчас яго правядзення рэалізацыя паліва ў Гродна знізілася на 10%, што дазволіла скараціць выкіды забруджвальных рэчываў у паветра ў колькасці 350 тон. Канцэнтрацыя аксіду вугляроду скарацілася на 8%.