Малады паэт Дзіма Пціцамі расказаў гарадзенцам, чаму не хоча служыць ва ўкраінскай арміі

Дзіма Пціцамі або Дзіма Качмар – мадады паэт з Днепрапятроўску. Дзіма хавае таямніцу свайго псеўданіма. Ён стаў вядомы праз свае аўдыявершы і ўжо некалькі год катаецца ў туры па Украіне і бліжэйшаму замежжу. Здаецца, у кожным горадзе ёсць прыхільнікі, чые думкі ён агучвае. Хоць гэтыя думкі часам тыповыя для усіх 24-гадовых. Дзіма піша пра тое, што інтэрнэт і сацсеткі – гэта зло, што пакуль ты сварышся з дзяўчынай, памірае сусед, пра каханне на адлегласці і пра страх, што яго вершы стануць непатрэбнымі.

Адразу перад выступам паэт папрасіў не фатаграфаваць, не шумець, не даставаць тэлефоны, бо ў яго збіваецца настрой. Між тым, выступ цягнуўся дзве з паловай гадзіны. Было адразу відаць, што сабраліся сапраўдныя аматары творчасці Пціцамі, бо яны шчыра выконвалі наказ. Штопраўда, час ад часу шалясцелі фальгой ад шакаладкі, на што паэт адрагу звяртаў увагу.

Пра кожны з вершаў Дзіма трошку расказваў. Ствараліся яны з большага, як кажа сам аўтар, “банальна”. Пасля раставання з дзяўчынай, пасля таго, як маці выкінула бабуліну кветку або каб узбадзёрыць сябра. Адзін радок натхніў яго на верш, пакуль ён праў шкарпэткі.

Як аказалася, любімым гуртом Дзімы быў “Руки вверх”, а паэтычную творчасць ён пачынаў з англамоўнага рэпу. Пазней ён дайшоў да рускамоўнай паэзіі. На ўкраінскай мове ў яго ёсць толькі адзін верш. “У маёй сям’і размаўлялі па-руску, і сам я думаю па-руску”, – патлумачыў Дзіма.

 


 

Дзіма ўжо наведаў Гродна паўтары гады таму. Той прыезд ён узгадаў і гэтым разам: “Мяне сустрэў арганізатар вечара, правёў у кватэру і пакінуў аднаго. Тады ж ён сказаў, што Крым цяпер у саставе Расіі. Я не зразумеў, як так увогуле можа быць”. Пазней слухач Максім спытаўся, ці служыў Дзіма ў арміі. “Акурат калі я скончыў універсітэт, армія стала кантрактнай. Таму я не трапіў. Цяпер у арміі я не хацеў бы аказацца, бо там займаюцца не тым, чым трэба”. Пра Гродна знакаміты хлопец выказаўся добра: адзначыў цэрквы, касцёлы, сумесь культур і танныя студэнцкія сталоўкі.