Ад старога будынка на Маладзёжнай застанецца толькі фасад, затое дабудуюць трэці паверх

|

Апошні жыхар пакінуў свой дом у пачатку 2010 года. Менавіта тады ў лютым пад цяжарам снегу абрынуўся дах. На шчасце, ніхто не пацярпеў.

 

Жылы дом з пяццю кватэрамі быў пабудаваны, як лічыцца, у 1887 годзе. Па іншых дадзеных – у 1910.  У 2007 годзе будынак прызналі непрыдатным для пражывання людзей і пабудова падлягала зносу. Большую частку жыхароў адсялілі і далі жыллё на Дзевятоўцы.

– З будаўнічага пункту гледжання было б хутчэй і надзейней пабудаваць новы дом. Але гэтую гістарычную каштоўнасць мы павінны захаваць, таму фасад застанецца. Усё астатняе пойдзе пад знос. У будучыні тут будзе адміністрацыйны будынак, ёсць верагоднасць таго, што дабудуюць трэці паверх, – распавёў будаўнік Іван.

У будаўнічым смецці можна заўважыць як цэглу пачатку XX стагоддзя, так і пасляваенную. Будаўнікі распавялі, што частка пабудовы была савецкага часу. Акрамя цаглін меліся і перамычкі 1965 года.

Са слоў будаўнікоў, падвалаў пад будынкам няма. Бліжэйшы падвал знаходзіцца ў суседнім доме №5.

Акрамя ўзвядзення адміністрацыйнага будынка, заказчык таксама плануе ўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю.