Загадана выратаваць: Паміж САХам і валанцёрамі пачынаюцца перамовы

|

Мерапрыемства, якое прайшло 25 верасня, не выклікала вялікай цікавасці ні ў журналістаў, ні ў звычайных гаражан. На сустрэчу прыйшлі толькі адзінкі – тыя людзі, якія штодня ратуюць жывёл.

 

Першае слова засталося за кіраўнікамі САХа. Яны адзначылі, што апошнім часам да іх прыходзіць шмат лістоў, дзе іх называюць “жывадзёрамi”. Але звычайнымі скаргамі не абыходзіцца, прыходзяць таксама і пагрозы ў адрас ветэрынараў і супрацоўнікаў пункта часовага ўтрымання.

 

– Жыхары горада павінны зразумець, што ў нас не прытулак, у нас пункт часовага ўтрымання жывёл. Эўтаназія праходзіць у нас гуманным спосабам. Усе целы адвозім і закопваем на палігоне, – распавёў намеснік дырэктара САХа Франц Пачобут.

 

Валанцёры ў сваю чаргу выступілі за павелічэнне тэрміну ўтрымання жывёл, а таксама змену стаўлення да іх. З іх слоў, у пункце халадно і няма нармальнага харчавання.

 

– За пяць дзён, якія даюць жывёле, цяжка знайсці старога ці новага гаспадара. Нам патрэбен большы тэрмін, а таксама мы прапануем аб’яднаць намаганні і стварыць у Гродне сапраўдны прытулак, дзе будуць нармальна ставіцца да бадзялых жывёл. Калі вялікія сабакі яшчэ могуць перанесці халады, то маленькія шчанюкі, якіх у пункце вельмі шмат, не ў стане гэтага зрабiць, – распавяла дзяўчына Кацярына.

 

Адразу ж пасля выступлення валанцёраў Франц Іосіфавіч прывёў доказ таго, што валанцёры парушаюць санітарныя нормы.


– Вы толькі паглядзіце фатаграфіі, што там робіцца. І гэта нармальна? Мы ім выдзелілі пакой, а там парушэнне антысанітарыі. Мы і так ідзём на саступкі, дазваляем ім карміць і выгульваць сабак. Нідзе ў Беларусі такога няма, як у нас, а менавіта пяцідзённы тэрмін на эўтаназію. Мы не можам парушаць закон. Калі валанцёрам нешта не падабаецца, то няхай яны забіраюць сабак да сябе.

align=”” width=”725″ height=”544″ >

 

Вераніка – адна з тых дзяўчат, якая хацела забраць да сябе бяздомнага сабаку, але прыйшоўшы ў пункт утрымання, яна яго не знайшла. Жывёлу ўсыпілі.


– Чаму супрацоўнікі САХа, калі яны ўжо нам дазволілі шукаць гаспадароў для сабак, з намі не раяцца, каго будуць усыпляць, а каго пакідаць у жывых. У канцы жніўня я знайшла гаспадароў для аднаго сабакі. Прыйшоўшы туды, я яго не знайшла. Так жа не робіцца. Мы выступаем за парадак, які павінен быць гуманным.


Майстар пункта ўтрымання жывёл Аляксей Парманчук распавёў, што валанцёры часам перашкаджаюць працаваць. І працаўнікі пункта не павінны даваць справаздачу людзям, якія туды прыходзяць дапамагаць.

 

– З 1 студзеня 2014 года нам прыйшло каля 400 заявак з УУС па адлову сабак. У дзень мы прывозім па 1-2 жывёлiны. Але не больш, вальеры і так перапоўненыя. Браць жывёл няма куды.

 

Валанцёры адзначылі, што за няпоўны год ім удалося даць прытулак каля 200 бяздомным жывёлам. Таксама яны распавялі, што калі б у пункце ўтрымання былі лепшыя ўмовы, то, магчыма, людзі бралі б яшчэ больш сабак. Таму што знешні выгляд і здароўе сабакі грае вялікую ролю.

 

Кропкі над “і” ў сустрэчы паставіў дырэктар САХа Уладзімір Чабоцька, які спазніўся.

 

– Мы ўсё выдатна разумеем. У жывёлы павінен быць шанец на жыццё. Для гэтага мы і супрацоўнічаем з валанцёрамі. Я зацікаўлены ў тым, каб больш жывёл засталося ў жывых. Зразумейце нас правільна, штодня нам паступаюць званкі і заявы, што ў тым ці іншым раёне горада бадзялыя сабакі кусаюць людзей. Згодна з законам, мы едзем лавіць. Я бы памёр, але сам ніколі не паехаў бы адлоўліваць жывёл. Мне хапае паглядзець у іх вочы, і я выдатна разумею, што яны таксама хочуць жыць.


Таму мы адмовіліся ад адстрэлу. Валанцёраў я выдатна разумею, дзякуй ім за дапамогу. Ведайце, мы падтрымліваем ідэю стварэння асобнага прытулку. Ужо ёсць вялікі плюс у тым, што мы сустрэліся. Аб’яднаўшы намаганні, мы зможам знайсці добрае рашэнне для бадзялых жывёл.


У выніку бакі дамовіліся сустрэцца 28 верасня з планамі і ідэямі па ўрэгуляванні становішча ў пункце ўтрымання жывёл.