Танцоры з гарадзенскага “NAЧALO” не баяцца быць дзівакамі і працуюць над уласным памяшканнем
Мы самі сабе гаспадары
– Тры гады гэта толькі на паперы, на самой жа справе нам ужо хутка пяць, – кажа Дана, прадстаўніца кампаніі. – У асноўным у нашай камандзе людзi, якія з’яўляюцца выпускнікамі студыі “Фолюш-балет”. Усе пачыналі свой творчы шлях з шасці гадоў.
За час існавання ў “NAЧALO” так і не з’явіўся кіраўнік. Як распавядаюць танцоры, яны самі сабе гаспадары.
– Мы стараемся ўвесь час развівацца: ездзім за мяжу, запрашаем да сябе замежных танцораў, наведваем майстар-класы, увесь час вучымся. Уся наша асноўная каманда – гэта і ёсць наша кіраўніцтва. Калі ставім які-небудзь нумар, дык кожны ўносіць нешта сваё. Таму ў нас атрымліваюцца такія незвычайныя нумары, – дадала Дана.
Добрая зала і фундатар – перадусім
Як і ва ўсіх танцораў у горадзе, у кампаніі ёсць праблемы з залай.
– На жаль, сваёй залы ў нас да гэтага часу няма. Гэта дарагое задавальненне, але мы спадзяемся, што ў будучыні ў нас усё будзе. Калі шчыра, то мы ўжо над гэтым працуем. Гэта будзе сучаснае памяшканне, з добрым пакрыццём і люстэркамі. Зразумела, мы адны яго не пацягнем, але мы гатовыя да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Таму спонсары нам неабходныя.
Не баімся быць дзівакамi
Дар’я ў кампаніі ад самага пачатку. Яна распавядае, што “NAЧALO” да гэтага часу адрозніваецца ад усіх танцавальных калектываў горада.
– Мы не баімся быць не такімі як усе. Мы крыху іншыя танцоры, якія сталі развівацца ў іншым кірунку. Таксама мы не баімся эксперыментаваць і быць дзівакамi. Мы ствараем творчасць. І наша задача – гэта тварыць і танцаваць.
Сяргей – адзіны хлопец у кампаніі – станоўча ставіцца да жаночага калектыву і адзначае, што дзяўчат лічыць сваё сям’ёй.
– У камандзе я не з самага пачатку, далучыўся ў 2013 годзе. Хадзіў займацца да дзяўчат, а пасля мяне запрасілі ў асноўную групу. І вось ужо два гады я з імі. За гэты час я ўжо прывык, што я адзіны. Але, спадзяюся, у будучыні да нас далучацца яшчэ хлопцы.
Пакуль што танец не прыносіць сур’ёзных грошай
“NAЧALO” глядзіць у будучыню з аптымізмам. Яны лічаць, што новая зала дасць ім штуршок для развіцця, а развівацца ім ёсць куды. Пакуль што танцы не прыносяць ім сур’ёзнага дадатковага заробку. Акрамя заняткаў маладыя танцоры вымушаныя працаваць i на іншых працах.
Сяргей распавядае, што вельмі расчараваны ў тым, што ў Беларусі няма адмысловых грантаў для танцораў, як у Еўропе. Ён лічыць, што ў будучыні будзе цяжка, але агульнымі намаганнямі можна дамагчыся станоўчага выніку.
Бліжэйшы праект кампаніі “NAЧALO” запланаваны на 5 кастрычніка. У iм сумесна з нямецкай здымачнай групай яны будуць здымаць фільм. А 9 кастрычніка, танцоры выступяць у Новым замку, дзе будуць адкрываць выставу брытанскага мастака.
Фота vk.com/nachalocompany
Чытайце таксама:
Твар беларускага contemporary: гарадзенская танцавальная кампанія “Naчalo”
Skvo’s Dance Company: “Наш танец не трэба разумець, яго трэба адчуваць” (фота + відэа)