Каля павароту на Навагрудак лось уляцеў у кабіну турыстычнага аўтобуса
Як апісваюць відавочцы, усё адбылося літаральна за долю секунды. У святле фар паказалася істота з вялікімі рагамі, пачуўся ўдар і аўтобус пачаў рэзка тармазіць. Дзякуючы таму, што аўтобус быў двухпавярховы, пасажыры не пацярпелі і нават спачатку не зразумелі, што адбылося.
Але паколькі ў такім аўтобусе месцы кіроўцаў размешчаны вельмі нізка, дык лось, выбіўшы лабавое шкло, аказаўся ў салоне, прыціснуўшы другога кіроўцу, які адпачываў побач з першым.
Вадзіцелі паспелі прафесійна зрэагаваць на сітуацыю, што дазволіла пазбегнуць больш цяжкіх наступстваў. Пасажыраў падабралі да Гродна папутныя аўтобусы і адзіным моцна пацярпелым аказаўся сам лось, які быў яшчэ жывы пасля суткнення, але хутка памёр. Адзін з кіроўцаў атрымаў парэзы разбітым шклом, яму на месцы аказалі першую медыцынскую дапамогу.
Вялікіх лясоў паблізу месца здарэння няма, але шмат пералескаў і ельнік уздоўж дарогі.
Такія гісторыі здараюцца на Гродзеншчыне досыць часта і робяць актуальным будаўніцтва спецыяльных сетак уздоўж дарог, каб на іх не маглі выходзіць лясныя жыхары. У Гродзенскай вобласці, у адрозненне ад іншых абласцей краіны, дарог са спецыяльнымі сеткамі вельмі мала.